epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Заклад са смерцю

(Быль)

 

Свой першы глыток гарэлкі Віталік зрабіў у пятнаццацігадовым узросце.

У роце апякло, перахапіла дыханне, пацяклі слёзы. Гадасць такая, што не ведаў, як адплявацца, чым заесці. Але, адпляваўшыся і заеўшы, адкрыў у сабе невядомую дагэтуль лёгкасць адчуванняў. Хацелася смяяцца, рухацца, дзейнічаць. Здавалася, што варта толькі адштурхнуцца нагамі ад зямлі і нябачныя крылы панясуць у вышыню. Але гэтыя адчуванні хутка прайшлі, насталі моташнасць і вяласць.

«Не! — сказаў сам сабе Віталік.— Болей у рот не вазьму гэтую атруту! Сітро! Морс! Гэта зусім іншая справа! Гэта — клас!..»

Але праходзілі дні, а тое адчуванне незвычайнай лёгкасці не выходзіла з галавы, цікавіла і вабіла.

А тут яшчэ сябры:

— Не будзь, Віталь, жмотам! Маеш багатых продкаў, а не жадаеш скінуцца з намі!..

Бацькі ў Віталіка былі і сапраўды даволі забяспечаныя. Алег Сцяпанавіч, яго бацька, займаў пасаду намесніка абласнога пракурора. Быў энергічны, самаахвярны ў працы і, як казалі калегі, перспектыўны. Маці, Валянціна Лявонцеўна, дырэктарка сярэдняй школы. У гэтай самай школе вучыўся і Віталік, які быў не ў захапленні ад штодзённага матчынага вока. Але куды было яму дзявацца?

Віталікавы сябры ведалі, што казалі,— дастатак у гэтай сям’і быў, грошы ў іх сябра вадзіліся. А Віталік, не жадаючы быць «жмотам», скідваўся, а часцяком браў на сябе і ўсе грашовыя выдаткі.

З кожным разам гарэлка здавалася менш горкай і непрыемнай, а завіхрэнні ў галаве больш неабсяжнымі.

Спадабаліся і пахвалы падпітых сяброў у яго адрас, ад якіх Віталік уяўляў сябе асобай значнай і ўсё часцей уціскаў у лексікон уласнае «я».

Сяброўская хвала і захапленне Віталікам былі шчырымі, хоць і грошы адыгрывалі не апошнюю ролю. Ды і як было не захапляцца чалавекам, які не па ўзросце начытаны, заўсёды акуратна і з густам апрануты, а галоўнае, валодае інфармацыяй на крымінальную тэму.

Вось так — зрабіўшы ў свае пятнаццаць гадоў першы глыток гарэлкі, Віталік і не сніў, што гэтым ён крута змяніў свой лёс і што да апошняга ў яго жыцці глытка гарэлкі засталося ўсяго два гады.

 

* * *

У сярэдзіне пяцідзесятых гадоў вёска знешне не была падобная на істоту, што памірае, хоць хварэла і захворванне было небяспечным. Прымусовае ўтрымліванне моладзі ў калгасах, дзе, акрамя працы, для той жа моладзі нічога не было, толькі адцягвала трагічны фінал.

Няўмольны дыягназ — бесперспектыўнасць калгасаў — паглыблялі лозунгавая палітыка дзяржавы і адкрытая хлусня аб выраўноўванні жыццёвых умоў паміж горадам і вёскай. Але на прымусе і ідэалагічнай хлусні далёка не паедзеш.

Не маючы магчымасці атрымаць пашпарт, моладзь была вымушана корпацца ў калгасным гнаі і брудзе, бо без пашпарта ўладкавацца на працу ў горадзе было немагчыма.

Рэдка каму ўдавалася здабыць даведку з праўлення калгаса або з сельсавета, якая сведчыла, што ўладальнік «вольнай» мае права часова ад’ехаць ад сваіх мясцін. З такой даведкай шчасліўцы імчалі ў горад і лезлі ў любую дзірку, на самую цяжкую працу — абы далей ад калгаса.

І хоць пакутавалі яны ў горадзе не менш, чым у вёсцы, але зараблялі капейчыну і ехалі на выхадныя дні да бацькоўскага сала з задзёртымі ўгару насамі, бо паспелі прыдбаць нейкі стракаты пінжак і пачапіць на шыю размалёваны гальштук. Форсу таго — як на дрывотні трэсак!

Здабыў такую даведку і ўціснуўся ў горадзе на нейкую падсобную працу і Генадзь Лапцэвіч. І для яго гарадское жыццё было хутчэй хрэнам, чым мёдам, але пасля вясковай сціпласці вочы разбягаліся ад навізны і кантрастнасці гарадскога побыту.

Генадзь тут жа, побач з цагельным заводам, на ўскраі горада, дзе здымаў у гаспадароў куток, прыгледзеў танцпляцоўку, якую называлі «пятачком». Танцы ўлетку адбываліся штовечар, і Генадзь зачасціў сюды. Знаёмых яшчэ не займеў, таму першыя вечары сціпла стаяў збоку і назіраў.

Гарадскія танцы адрозніваліся ад вясковых, асабліва ў час факстротаў. Генадзь прыкінуў у галаве, ці змог бы гэтак мудрагеліста выдрыгваць нагамі, як стылягі, але выйсці на пляцоўку саромеўся. Праўда, вальс круцілі тут гэтаксама, як і ў вёсцы.

Аднаго вечара Генадзь убачыў настолькі прыгожую дзяўчыну, што забыўся пра сорам і вырашыў запрасіць яе на вальс, не звяртаючы ўвагі на тое, што яна не адна, а ў кампаніі дзяўчат і хлопцаў. Загучала музыка, Генадзь ірвануўся з месца, каб апярэдзіць астатніх, і запрасіў незнаёмку на вальс, але паспеў толькі сказаць «дазвольце», пасля чаго адчуў моцны ўдар кулаком у сківіцу. Ён крутнуўся ў той бок, але атрымаў удар ззаду, потым спераду. Генадзь паваліўся на дошкі «пятачка» і адразу ж атрымаў удар нагой у жывот. Апошняе, што ён пачуў, быў нечы крык:

— Ляжачага не біць!..

Генадзь апрытомнеў і заўважыў, што сядзіць на лаўцы ў гэтым жа скверы, непадалёку ад танцпляцоўкі. Абапал яго сядзелі нейкія хлопцы, іншыя, каму не хапіла месца, стаялі перад ім, курылі і аб нечым шумна гаманілі.

Генадзь ірвануўся з месца:

— За што вы мяне, хлопцы? Што я вам зрабіў?

Адзін з тых, што сядзеў побач і, відаць, быў самы аўтарытэтны, рэзка тузануў Генадзя за плячо назад, ад чаго той зноў плюхнуўся на лаўку.

— Сядзь, дурань! — рашуча, але мякка сказаў «аўтарытэт».— Каб не мы, ты б яшчэ доўга нюхаў дошкі «пятачка». Танцор!..

Генадзь толькі цяпер заўважыў на кашулі цёмныя плямы — гэта была кроў. Памацаў пад вокам і войкнуў ад болю. У жываце таксама рэзала.

— А хто ж мяне так? — збянтэжана спытаўся Генадзь.

— Болей адзін боўтайся, дык яшчэ не гэтак схопіш па нюхаўцы,— зноў адказаў сусед па лаўцы.— Ты, я бачу і чую па гаворцы,— вясковец?!.

Вось гэткім незвычайным чынам Генадзь пазнаёміўся з Віталікам і яго сябрамі. Яны і расказалі пра тое, як яго збілі з ног і пачалі качаць нагамі па танцпляцоўцы тыя чатыры хлапцы і як яны, Генадзевы абаронцы, не ўтрымаліся і з крыкам «ляжачага не біць» разагналі тую хеўру, атрымаўшы пры гэтым кожны па «ліхтару» пад вокам.

 

* * *

Дзіўна, але Віталік і Генадзь пасябравалі. Дзіўна таму, што Віталік — гарадскі элітарны хлопец, а Генадзь — сціплы і просты вясковец. Дзіўна і таму, што Віталік вучыўся ў дзесятым класе, з маленства карыстаўся бацькавай бібліятэкай, часцяком наведваў з бацькамі і тэатры, і кіно, а Генадзь скончыў усяго сем класаў і «кульгаў» на неабсяжных прасторах класічнай літаратуры, блытаўся ў прозвішчах артыстаў і спевакоў. Магчыма, Генадзева шчырасць і наіўнасць падабаліся Віталіку больш за ўсё, і ён з лёгкасцю мог казыраць перад новым сябрам уласным «я».

— Я ўсё магу! Усё! — часцяком чуў Генадзь ад сябра. Чуў і верыў гэтаму, бо Віталікаў бацька, па просьбе сына, уладкаваў Генадзя ў «абшчак» — будынак, які быў пабудаваны цагельным заводам для бескватэрнай моладзі.

Але не толькі сынава просьба станоўча паўплывала на Алега Сцяпанавіча, а і знаёмства з самім Генадзем. Віталікаў бацька вопытным вокам ацаніў Генадзя: хлопец вясковы, неразбэшчаны, старэйшы за сына. Што яшчэ трэба? Чым не падпора сыну ў мутным і непрадказальным гарадскім тлуме?

І Генадзь, які быў старэйшы на чатыры гады за Віталіка і меў «воўчы» білет, што вызваляў яго па стану здароўя ад арміі, зрабіўся частым госцем у Віталіка.

У сваю чаргу Віталік, асабліва летам, пачаў бываць у Генадзевай вёсцы, начаваў і сталаваўся ў Генадзевых бацькоў. Яго вельмі здзіўляла вясковае харчаванне — сала, бульба, яйкі, малако. Ды і малако з яйкамі не заўсёды былі — то карова перад ацёлам не даілася, то куры лінялі і не несліся.

Здзіўлялі і вясковыя вечарынкі — усю ноч, да раніцы. Здзівіла і самагонка — мутнаватая, смярдзючая, але п’ецца, як вада, не пячэ, не гарчыць.

Тут, у вясковым асяроддзі, ужо сам Віталік пачаў «накульгваць» — усё яму было нова, дзіўна і цікава. Генадзь гэта заўважыў і, пры нагодзе, паджартоўваў над сябрам. Падводзіў яго да слівы і пытаўся:

— Што гэта, пане, бяроза ці лаза?..

На сліве не было пладоў, і Віталіку цяжка было разабрацца, што гэта за дрэва, але ён хутка знаходзіў адказ:

— Ведаю дакладна, што гэта не елка...

А ўжо зімой, ідучы з Віталікам па лесе, Генадзь адчуваў сябе перад сябрам, як прафесар перад першакурснікам. Слядоў было столькі, што Віталік ледзь паспяваў пытацца:

— А гэта хто прабег? А там чые загагулінкі? А вунь — быццам хто вяровачку паклаў на снезе! А вось тут!..

Баль быў на Генадзевай вуліцы.

— Гэта табе не ў бібліятэцы капацца ды чужыя думкі чытаць! Тут свая граматыка і арыфметыка!

 

* * *

Выпускныя экзамены Віталік вытрымаў паспяхова — дала свой плён яго агульная падрыхтоўка, разумна спланаваная бацькамі.

І хоць вучоба не вымагала вялікай напругі, Віталік пасля атрымання атэстата адчуў палёгку на душы. У свае семнаццаць гадоў ён не надта думаў пра перспектыву, пра тое, што наперадзе цэлае жыццё. Як і кожны ў яго ўзросце, ён жыў адным днём, радаваўся таму, што наперадзе лета, адпачынак, забавы. А там — будзе відаць, тым болей што даўно вырашана яго бліжэйшая будучыня — юрыдычны факультэт універсітэта. Віталік і сам хацеў пайсці па бацькавай дарозе — стаць прававедам.

Усё складвалася выдатна, давалася лёгка, як кажуць, надвор’е абяцала быць цёплым і бязвоблачным.

Віталікавы бацькі далі згоду на тое, каб сын у цесным сяброўскім коле адзначыў дома заканчэнне школы, хоць Віталік настойваў на рэстаране.

Маці, каб пераканаць сына, хітравала:

— Гэта ж і наша з бацькам свята! І для нас радасная падзея! У рэстаран мы з вамі не пацягнемся, а тут усе разам.

Віталік хацеў запярэчыць, але маці запэўніла яго:

— Не бойся, замінаць не будзем! Павіншуем, пабудзем крыху і пакінем вас адных...

Віталік сабраў самых блізкіх сваіх сяброў — дзяўчат і хлопцаў, сярод якіх быў і Генадзь. Тут маці ўпершыню ўбачыла, як сын заліхвацка кульнуў чарку гарэлкі ў рот, і таўханула локцем мужа:

— Алег! Глянь, што ён робіць! Як ваду!

Віталік перахапіў бацькоўскі погляд і заспакоіў іх:

— Не бойцеся, я не п’янею! Ды і дзень сёння такі...

І сапраўды, Віталіка гарэлка не дужа брала. Яго высокі рост, крэпкі склад цела, добрае харчаванне былі як той моцны падмурак, на якім можна смела ўзводзіць шматпавярховы будынак. Ды і нельга было сказаць, што Віталік адмыслова шукаў гарэлкі, захапляўся ёю. Не! Здаралася — выпіваў, не задумваючыся, добра гэта ці блага. Таму ён гэтак шчыра і бясхітрасна сказаў бацькам:

— Я не п’янею!

Пасля таго як моладзь разышлася і застаўся толькі Генадзь, Віталік падышоў да бацькоў:

— Вы не супраць, калі я на некалькі дзён матану з Генадзем у яго вёску?

Маці, заўсёды спакойная і разважлівая, на гэты раз неяк нервова схамянулася, быццам спужалася пытання.

— Ой, сынок, можа б, ты пабыў з намі! Адаспіся, аддыхайся...

Бацька падтрымаў сына:

— Самы раз ехаць! І надвор’е, і час спрыяюць гэтаму. Універсітэцкія экзамены не за гарамі, зноў падрыхтоўка, мітусня. Едзь, сын, адпачні!

 

* * *

Напэўна, і камп’ютэр адстане ад вясковага «лапцевага» тэлефона, які імгненна разносіць па навакольных вёсках любую навіну.

Таму пра Віталікавы наезды ў Генадзеву вёску ведалі не толькі мясцовыя жыхары, а і ўся навакольная моладзь. Хлопец ён быў прыкметны, прыгожы, гаваркі, любіў выставіць сваё «я», але ж і былі для таго падставы.

Дзяўчаты, пачуўшы, што прыехаў гарадскі кавалер, больш старанна чапурыліся, апраналі лепшае. Хлопцы ў душы злаваліся, кулялі чарку для смеласці і, пры выпадку, задзіраліся з няпрошаным сапернікам, але да бойкі ні разу не дайшло — паяршацца хлопцы, панадзімаюцца ды і сядуць на «адно» месца.

І гэты паслявыпускны прыезд Віталіка ў вёску не застаўся без увагі.

— Ажаню я цябе тут! — жартаваў Генадзь.— Во будзе здорава: я — у горад на булкі, ты — у вёску каровам хвасты накручваць!..

Вечарынка пачыналася, як заўсёды,— паціху, паволі збіралася моладзь, разварушвалася, прыглядвалася да чужых абновак, вытыркала наперад свае.

Хлопцы — і гэта як закон — разыходзіліся кучкамі па хатах, па дварах, пілі самагонку і ўжо пасля, пачырванелыя, сунуліся ў драўляны клуб, які ад астатніх хат адрозніваўся толькі назвай.

Віталіка вельмі здзіўляла не тое, што п’юць,— выпіваў і ён, а тое, што закусваюць цыбуляй. П’юць, ядуць сала з цыбуляй, накурацца, а потым лезуць да дзявочага носа з размовамі. Дзіва!

Да цыбулі ён перад вечарынкай не дакранаўся, а курыць — не курыў зроду.

Вечарынка раскручвалася нетаропка, затое як раскруціцца — не спыніш. А калі яшчэ трапіць гарманіст, як той агонь,— танцоры не адчуваюць пад сабой падлогі, выкладваюцца ў кожным танцы да апошняга поту.

Паміж танцамі хлопцы дабаўлялі «гаручага» — паднімалі градус у целе, і рабілі гэта за ноч не адзін раз.

Быў у гэтым і свой маленькі плюс, бо як рэнтген высвечвае хваробу, так і гарэлка высвечвае характар чалавека. Разумны — ён і п’яны разумны, а схаваная ў цвярозым чалавеку дурнота пасля першай жа шклянкі вылазіць наверх.

Праз гэты «рэнтген» дзяўчаты даўно ведалі, хто чаго варты, і, думаючы пра будучыню, стараліся абыходзіць за вярсту занадта дурных. Але жыццё ёсць жыццё, і не дзяўчаты выбіраюць, а іх...

У адзін з такіх дадатковых перапынкаў Генадзь пайшоў са сваёй дзяўчынай, а Віталіка хлопцы зацягнулі ў суседнюю хату, дзе на стале з’явіліся і самагонка, і сала. Хлопцы былі амаль усе знаёмыя і як адзін падпітыя.

Віталік знешне выглядаў цвяроза, але моташнасць ад выпітай самагонкі адчувалася. Піць не вельмі хацелася, ды, як кажуць, цыган за кампанію вешаецца.

Пачалі наліваць у шклянкі, выпілі. Выпіў і Віталік. Сала не прывабіла — укусіў скарыначку хлеба. Пасля выпітага крыху павесялеў, але болей піць не хацелася, і ён устаў, каб выйсці на двор.

— Ты куды?! — загаманілі хлопцы.— З намі дык з намі! Не дык не! Не горшыя за цябе!..

Віталік, каб не крыўдзіць астатніх, бадзёра адказаў:

— З вамі! — і сеў на лаву.

— Наліць яму! Налівай усім! Банкуй!..

Віталік закрыў рукой шклянку:

— Мне хопіць гэтага... Хопіць, хлопцы... Не хачу!

— Што, прывык у бацькоў да сітра?! Слабак! — пачуліся п’яныя галасы.— Можа, соску прынесці?

Віталік ускіпеў:

— Ды я болей за вас усіх вып’ю! Ды я не п’янею зусім!

— Ха-ха-ха! — пачулася ў адказ.

— Ах, так! — і Віталік, устаючы, паказаў на крыху адпіты трохлітровы слоік самагонкі, які стаяў «у рэзерве», паміж пустых і паўпустых пляшак.— Бачыце трохлітровік?! Я не адрываючыся апаражню гэты слоік! Ну што, спорым?

Усе загаманілі, узрушыліся. Хто крычаў: «Куды табе!», хто: «Падумаеш, здзівіў!»

— Глядзіце! — і Віталік, абхапіўшы далонямі слоік, нахіліў яго да рота і пачаў піць.

Усе сціхлі, акамянелі. Няўжо вып’е?

Спачатку глыткі былі вялікія, мутнаватая вадкасць жвава пералівалася з пасудзіны ў Віталікаў рот, потым, калі паказаўся крайчык дна (значыць, палова адпіта), глыткі паменшалі і парадзелі, слоік амаль перастаў нахіляцца. Віталік з цяжкасцю прымушаў сябе рабіць кожны глыток, але самалюбства не дазваляла спыніцца — прайграць спрэчку.

Віталік ужо не піў, а цадзіў праз зубы самагонку, не адчуваючы ні яе паху, ні смаку. Цадзіў і думаў: «Я вам пакажу сітро...»

Здавалася, што яшчэ крыху намаганняў і Віталік дацісне да канца трохлітровік, але раптоўна рукі яго здрыгануліся і самагонка, запоўніўшы горла, пацякла на грудзі. Віталік хіснуўся, неяк нязграбна і з цяжкасцю грукнуў слоік аб стол, нібы гэта была шматпудовая гіра, і памутнелымі, як гэтая сівуха, вачыма паглядзеў некуды скрозь хлопцаў.

— Нічога,— ледзь дыхаючы, выціснуў ён,— я зараз, я дап’ю... я яшчэ...— і гэтак жа цяжка і гулка, як слоік аб стол, бразнуўся на падлогу.

Усе ўскочылі з месцаў, нахіліліся над ім і спужаліся, працверазелі. Віталік выглядаў як нябожчык — белы, без крывінкі твар, шырока адкрыты рот, вочы неяк страшна закаціліся пад лоб.

Нехта крыкнуў:

— Вады!..

— Што вада? Малака! Кіслага малака!

Але малако вылівалася з рота на падлогу...

У хату, смеючыся, увайшоў Генадзь.

— Што за шум без бойкі? Дзе мае сто грам?

Убачыў на падлозе свайго сябра і ледзь не самлеў.

— Што з ім?! Што?!

Пачуўшы пра дурны заклад, кінуўся да Віталіка, схіліўся над ім, памацаў пульс.

— Жывы! Чую — пульсуе! Хоць слаба, але пульсуе! Хутчэй доктара! — закрычаў Генадзь і асекся...

Дзе той доктар?.. Бліжэйшы фельчар — ажно за сем вёрстаў, ды і ў таго, акрамя ваты, нічога няма... Але што рабіць? Трэба ж шукаць ратаванне!

Генадзь зноў крыкнуў:

— Каня! Хлопцы, хутчэй запрагайце каня!..

Віталіка паклалі на падводу, зрабіўшы падсцілку з сена. Двое хлопцаў падтрымлівалі Віталікава абмяклае цела, а Генадзь гнаў штосілы каня. Xвастаў яго дубцом і стагнаў:

— Якая светлая душа! Як маглі дазволіць... Як маглі... Гэта я, я вінаваты, толькі я...

Ноч была цёмная, таму колы наскоквалі на каменне, правальваліся ў нейкія яміны, зноў высякалі іскры аб камяні — і імчалі, імчалі да ратавальнікаў-дактароў, а бездапаможнае Віталікава цела падскоквала на сене, як выцягнутая з вады рыбіна.

Падляцеўшы да фельчаравай хаты, Генадзь загрукацеў у акно:

— Дзядзечка! Памажыце! Тут хлапец памірае! Хлапец...

Фельчар, чалавек даўно ўжо пенсійнага ўзросту, выйшаў нетаропка на ганак, накінуўшы на бялізну ватоўку.

— Што здарылася? Акно ледзь не высадзіў!

— Дзядзечка! Хлапец памірае! Ратуйце!..

Фельчар падышоў да падводы, узяў Віталікаву руку і пачаў слухаць пульс. Доўга слухаў, потым узяў другую руку і прымружыў вочы.

Пачынала віднець, і дзесь звонка зацокаў і пералівіста засвістаў салавей. Генадзь, які з маленства любіў салаўіныя спевы, цяпер гатовы быў забіць таго салаўя за тое, што перашкаджаў фельчару чуць Віталікаў пульс...

Фельчар паклаў руку, прыхіліў вуха да грудзей непрытомнага Віталя.

Генадзь стрымліваў дыханне, сэрца тахкала так моцна, што здавалася, і яно перашкаджае фельчару пачуць сэрца яго сябра.

Нарэшце фельчар распраміўся і кашлянуў убок.

— Ну што? — узмаліўся Генадзь.— Дапаможаце?!.

Фельчар уздыхнуў:

— Позна, сынкі, позна...

 

* * *

Алег Сцяпанавіч вяртаўся дамоў у цудоўным настроі. Тое, пра што марыў, пра што апошні час гаварылі, не хаваючыся, саслужбоўцы,— адбылося. Сёння, на калегіі, у прысутнасці высокага начальства, быў зачытаны загад аб прызначэнні яго абласным пракурорам. І гэта адбылося ў сорак тры гады! Нездарма калегі называлі яго перспектыўным — перспектыва засталася і надалей.

Алег Сцяпанавіч сёння не стаў нават карыстацца службовай машынай і нетаропка крочыў дамоў, атулены прыемнымі думкамі і марамі.

Пераступіўшы парог кватэры, ён абняў жонку:

— Ну, Валечка, можаш павіншаваць мяне! Я болей не намеснік! Твой муж — пракурор!

— Няўжо, Алег! Няўжо! — прыціснулася жонка да грудзей мужа і заплакала шчаслівымі слязьмі.— Віншую, дарагі! Ты заслужыў гэту пасаду сваёй працай! Наша сям’я адчувала тваю адданасць рабоце! Віншую!

— А калі так,— усклікнуў Алег Сцяпанавіч,— накрывай стол, будзем піць шампанскае!

Валянціна Лявонцеўна сумна адказала:

— Эх, няма сёння з намі сынка нашага... Як бы ён парадаваўся... І навошта я яго адпусціла?

— Нічога! — падбадзёрыў яе Алег Сцяпанавіч.— Паспее і ён пацешыцца за бацьку. Паспее!..

Калі шампанскае было разліта па фужэрах, хтосьці пазваніў у дзверы.

— Сядзі! — сказала Валянціна Лявонцеўна.— Я адчыню сама. У цябе ж сёння такое свята!

Падышоўшы да дзвярэй, шчаслівая гаспадыня спыталася:

— Хто там?

— Вам тэлеграма! — пачуўся адказ.

— Але,— усклікнула Валянціна Лявонцеўна, адчыняючы дзверы,— нехта надта спрытны спяшаецца цябе павіншаваць!..

Паштарка з каменным выразам твару моўчкі падала тэлеграму.

Валянціна Лявонцеўна хуценька прабегла вачамі па літарах, шукаючы віншаванне, і з першага разу нічога не зразумела. З вуснаў прасіліся словы «гэта не нам», але ліхаманкава перачытваючы тэкст, пачала халадзець ад жудаснага сэнсу слоў...

— Віта-а-а...— паспела крыкнуць яна страшэнным голасам і, як нежывая, павалілася ля парога.

 

* * *

Ці ж мог думаць Алег Сцяпанавіч, што першай справай, якую будзе ён кантраляваць на новай пасадзе, будзе крымінальная справа па факце гібелі яго адзінага сына?

«Усіх падніму на ногі! Усё перавярну ўверх нагамі, а вінаватых знайду! — як заклінанне паўтараў ён сам сабе.— Пакараць! Пакараць — і ў першую чаргу Генадзя! Гэта ён лісой улез у сяброўства да сына. Каб не ён — жыў бы Віталік!»

Крымінальную справу ўзбудзіў, па тэрытарыяльнасці, раённы аддзел унутраных спраў, але пільны кантроль ажыццяўляла і раённая, і абласная пракуратуры.

Алег Сцяпанавіч, як і абяцаў, паставіў каго на ногі, каго на галаву. У Генадзевай вёсцы днявалі і начавалі следчы і ўчастковы, праз дзень наведваўся і сам начальнік міліцыі.

Дапытвалі днём і ноччу ўсіх, хто хоць краем вуха чуў пра гэта здарэнне. Потым гэтых жа дапытаных выклікалі ў аддзел міліцыі і дапытвалі зноў — здабывалі доказы, нібы выцягвалі жылы.

Але ў такой справе цяжка даказаць нейчую вінаватасць — ніхто не прымушаў піць, ніхто сілком у горла не ліў. Ды і вясковыя хлопцы — не дурныя, аднекваліся: не бачыў, не ведаю, не піў з ім...

Адзін Генадзь, на якога быў накіраваны асноўны цяжар абвінавачванняў, ціха і цвёрда заявіў следчаму на першым жа допыце:

— Я вінаваты... Адзін я...

І калі праз некаторы час у народным судзе яму задалі апошняе пытанне: «Ці прызнаяце вы сябе вінаватым?» — ён зноў ціха і цвёрда адказаў:

— Прызнаю!..

Ён і сапраўды шчыра лічыў сябе вінаватым і гэтак жа шчыра жадаў панесці пакаранне, каб прыглушыць у сэрцы нясцерпны боль.

Таму, калі прагучала ўрачыстае: «Імем Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі...», Генадзь думкамі быў далёка ад гэтай афіцыйнай залы.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 3. Апавяданні. Аповесці / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 551 с.