epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Залатая ліхаманка

Дзед Аўдзей капаў бульбу і на чым свет стаіць кляў камяні, на якія раз-пораз натыкалася рыдлёўка:

— Адкуль вас бура пананосіла на маю галаву? Не зямля, а камяніца!

Дзед мусіў зрабіць севазварот — пасадзіў бульбу на свежым месцы, бо на старым загоне яна перастала радзіць, хоць зямля там і была як пух.

Цяпер, на новым месцы, дзед Аўдзей пляваўся, выкопваючы з зямлі камень за каменем. Выцягнуўшы чарговы падарунак ледніковага перыяду, дзед з вялікай напругай падняў яго і, крэкчучы, занёс на мяжу, дзе кінуў да папярэдніх, з якіх ужо ўтварылася цэлая крушня.

Але, кінуўшы апошні камень, дзед яшчэ раз уважліва зірнуў на яго, бо ў тым месцы, дзе застаўся след ад рыдлёўкі, штосьці бліснула. Стары сагнуўся ніжэй, нават стаў на калені і войкнуў.

— Золата! — ледзь не захлынуўся гэтым словам дзед.— Аблеплены зямлёй кавалак золата! Ды які!

Дзед стаяў укленчыўшы і шурпатай даланёй пяшчотна гладзіў гэткую ж шурпатую неацэнную знаходку:

— Во прываліла! Во пашчасціла! — прыгаворваў дзед.— Ну, хоць жа ў старасці з бабай уздыхнём вальней ды скінем абноскі...

— Ты чаго гэта, дзед Аўдзей, стаіш на каленях перад каменнем і пацеры чытаеш? — пачулася з дарогі.

Дзед зірк на дарогу і ледзь не самлеў — там стаяў з матацыклам участковы міліцыянер. Стары настолькі захапіўся сваёй знаходкай, што нават не пачуў матацыкла.

Цяпер, зразумеўшы пытанне, дзед Аўдзей з перапуду ляпнуў:

— Золата знайшоў!

Ляпнуў і прыкусіў свой доўгі язык, але было ўжо позна.

— Што-о? Золата?! — заглушыў матацыкл участковы і рашуча накіраваўся да старога.— Кажаш, золата? Ану пакажы! — І вочы міліцыянта бліснулі сквапнымі агеньчыкамі.

— Вось, таварыш начальнік,— толькі і змог выціснуць з сябе дзед Аўдзей, паказваючы на сваю, цяпер ужо, як зразумеў ён,— не сваю знаходку.

— Ого! Дык гэта ж цэлы самародзішча! — падняў участковы пляскаты камень з жоўтым рубцом на баку.— Колькі ж ён важыць! Ого!

Дзед Аўдзей устаў з каленяў і, як пабіты, моўчкі стаяў перад участковым.

— Значыцца так, дзед! — афіцыйна закончыў міліцыянт.— Гэта я забіраю, там, у раёне, удакладню, праверу і, калі гэта сапраўды золата, вярну табе назад, а ты ўжо, як належыць, здасі дзяржаве і атрымаеш свае працэнты. Бывай!..— І ўчастковы фыркнуў сваім матацыклам, толькі яго стары і бачыў.

Дзед, каб быў маладзейшы, напэўна б заплакаў ад крыўды і злосці на сябе, а паколькі за доўгае жыццё выплакаў усе слёзы — плакала толькі яго сэрца, у якога ліміту на слёзы не бывае.

— Бульбы накапаў? — пачулася ад хаты.— Што стаіш як пень?

Дзед здрыгануўся, зірнуў у сваё амаль пустое вядро і адказаў жонцы:

— Накапаў, згніла б яна тут лепш разам з каменнем!

— А чаго прыязджаў той пагоннік? — пацікавілася баба.

Дзед кідануў рыдлёўку аб зямлю:

— Хай бы лепей усё жыццё не бачылі яго мае вочы!..

Старая здзіўлена зірнула на мужа, які ўсё жыццё быў — сама лагоднасць, але змоўчала.

— А ты,— звярнуўся пошапкам дзед да свайго языка, быццам той яго мог пачуць,— каб адсох у мяне малога, дык хоць у старасці я разбагацеў бы!..

Прайшло некалькі дзён, і ўчастковы, як і абяцаў, прымчаў да дзедавай хаты і прывёз закручаны ў тканіну камень.

— На, дзед, тваё багацце! Спажывай! Не золата гэта, а звычайны камень! — крутнуўся і, не развітваючыся, як перад тым і не павітаўшыся, папёр на сваім матацыкле, ажно пыл упёрся ў хмары.

Дзед уважліва агледзеў вернуты яму камень і адразу зразумеў: не той гэта камень! Не яго знаходка!

— Навошта пагоннік працягнуў табе гэта? — здзівілася жонка.— Хіба ж у нас свайго камення мала?

Дзед моўчкі шпурнуў камень пад плот. Зноў заплакала яго сэрца, бо цяпер ужо і кволай надзеі не заставалася — золата ён не ўбачыць як сваіх вушэй.

Ішоў час. Дзед не еў, не спаў, схуднеў, хоць і да гэтага быў дрынгалясты. На ўсе роспыты жонкі адказваў маўчаннем. Не мог жа ён расказаць ёй, як праз сваю дурную галаву і доўгі язык страціў гэткае багацце — загрызла б яна яго жыўцом. Але горш за ўсё была невядомасць: што гэта за працэнты? Колькі б ён атрымаў?

Аднойчы міма дзедавых платоў паволі каціла чорная «Волга». Дзед набраўся храбрасці і падняў руку. Машына спынілася.

— Куды дзеда падвезці? — спытаўся мужчына пад капелюшом, які сядзеў побач з шафёрам.

Дзед патаптаўся, палыпаў вачыма:

— Я, за звіненнем вас, нікуды не еду... Мне б толькі даведацца...

— Слухаю! — пачулася з-пад капелюша.

— Мяне, за звіненнем вас, цікавіць, які процант адлічылі б мне, каб я, напрыклад, знайшоў вялікі кавалак золата?..

— Ты, стары, знайшоў золата?! — страпянуўся капялюш і спрытна вылез з машыны.

— Што вы? Што вы? — замахаў дзед рукамі, бо ведаў, што праз доўгі язык нажывеш не багацце, а адныя непрыемнасці.— Я меў на ўвазе, каб я, напрыклад, знайшоў золата...

— Ой, стары, бачу, што знайшоў без прыкладу! Ой бачу! — насядаў незнаёмец.— Калі знайшоў і ўтойваеш, цябе чакае турма! Лепш сазнавайся ды сумленна жыві на свае працэнты!

«Зноў гэтыя чортавы працэнты»,— мільганула думка ў дзедавай галаве.

— А колькі яны, тыя працэнты, каштуюць? — папытаўся дзед.— Ці хапіла б іх на новую ватоўку і боты?

— Дык знайшоў ці не? — дамагаўся незнаёмец.

Дзед раскіс:

— За звіненнем вас, знайсці знайшоў, але...

І ён расказаў, як на споведзі, чалавеку пад капелюшом пра той самародак і куды ён дзеўся.

— Я парадак навяду! Я знайду, дзед, тваё золата, бо ў раёне я займаю высокую пасаду і міліцыя мне падпарадкоўваецца. А таго ўчастковага я аддам пад суд! — І «Волга» пакаціла далей.

Зноў у дзедавай душы засмылеў агеньчык надзеі.

Наступнай раніцай участковаму міліцыянеру патэлефанаваў той раённы начальнік:

— Дык ты гэтак стаіш на варце нашых савецкіх законаў? (А ўсё адбывалася ў савецкія часы.)

Участковы, пачуўшы голас высокага начальніка, задрыжаў ля тэлефона.

— Так точна! — толькі і мог выціснуць ён.

У трубцы чулася:

— Каб праз гадзіну той залаты самародак, які ты незаконна, без складання пратакола, адабраў у дзеда, ляжаў у мяне на стале! Зразумеў? Інакш — згніеш у турме!

— Так точна! — зноў выціснуў міліцыянер і, схапіўшы схаваны самародак, праз паўгадзіны паклаў яго на стол высокаму начальніку.

Той задаволена ўзяў закручаны ў белую тканіну скарб і паклаў сабе ў сейф.

— Каб нікому ні слова, бо згніеш у турме! — грозна бліснуў вачыма начальнік і менш сярдзіта дадаў: — На першы раз я табе дарую... Я падумаю аб тваім павышэнні. Ідзі служы далей!

На другі дзень чорная «Волга» падкаціла да дзедавай хаты. З яе вылез дзедаў знаёмы і ўрачыста ўручыў белы скрутак:

— Вось, дарагі дзед, як і абяцаў, вяртаю табе тваю законную знаходку! Быў рады пазнаёміцца! — І, ляснуўшы дзверцамі машыны, знік з вачэй.

Стары дрыготкімі рукамі раскруціў тое, што было ўсярэдзіне, і — выпусціў з рук. Гэта быў звычайны камень — зноў не той!

— Ашуканцы! Каб вам, за звіненнем вас, праз пятае калена ды на дзевятае бервяно!

Падклыпала старая:

— Нашто яны табе нейкія камяні возяць? Што ты з імі будзеш рабіць? Здзяцінеў стары!

Вечарам да дзеда Аўдзея пратарахцеў на матацыкле ўчастковы:

— Вярнулі табе, дзед, твой камень?

— Вярнуць то вярнулі, таварыш начальнік, але не той,— сумна адказаў стары.

— Пакажы яго! — запатрабаваў міліцыянер і, агледзеўшы камень, панёсся з месца як шалёны. Участковы вяртаўся ад дзеда і ажно кіпеў:

— Прысвоіў! Хоць бы падзяліўся! Усё сабе хапянуў! Паглядзім, хто з нас у турме згніе!

І ён левай рукой крамзануў ананімку пракурору.

— Алё! Васіль Нічыпрыч? — запытаўся ў тэлефонную трубку пракурор.

— Так! Гэта я, Кірыл Мяфодзіч! — адказаў раённы начальнік.

— Ты, мусіць, забыўся, Васіль Нічыпрыч,— працягнуў пракурор,— што Ленін у свой час сказаў, што трэба дзяліцца... А тое, што сказаў у свой час Ілліч, распаўсюджваецца і на нашы часы...

— Не зразумеў, Кірыл Мяфодзіч! — насцярожыўся раённы начальнік.— З вамі я гатовы падзяліцца апошняй кашуляй.

— Кашуля мне твая не трэба! — абарваў тэлефоннага суразмоўцу пракурор.— Я маю на ўвазе іншае!

— А што, Кірыл Мяфодзіч? — яшчэ больш навастрыў вушы раённы начальнік.— Чым яшчэ мне трэба з вамі падзяліцца?

— Дык вось, Васіль Нічыпрыч, калі не хочаш гнісці ў турме, прывязі мне хуценька тое, што ляжыць у тваім сейфе, закручанае ў белую тканіну. Зразумеў?

Праз некалькі хвілін чорная «Волга» на шалёнай хуткасці імчала да пракурорскага будынка, а на пярэднім сядзенні, побач з шафёрам, сядзеў збялелы Васіль Нічыпаравіч, той раённы начальнік, і гэткімі ж збялелымі пальцамі сціскаў закручаны ў тканіну самародак.

Тым часам дзед Аўдзей «даспеў». Знерваваны, схуднелы, ён, нарэшце, расказаў усё сваёй жонцы.

Вестку пра дзедаву знаходку падхапілі ўсе навакольныя вёскі, гэта навіна імклівай хваляй расцякалася ўсё шырэй і шырэй. Дзіва, але нават прэса не пабаялася распісаць да дробязей усе прыгоды дзедавага самародка. Дзед ад гэтага не пабагацеў, але зрабіўся знакамітым, як тая кіназорка. Потым і такая вядомасць надакучыла старому, бо розныя карэспандэнты ды проста цікаўныя людзі не давалі прадыху з пытаннямі і інтэрв’ю. Капае дзед бульбу, натыкаецца рыдлёўкай на камяні, а мацюкнуцца нельга, бо вакол яго — цэлая табала з мікрафонамі ды тэлекамерамі. Не будзеш жа мацюкацца ў прамым эфіры!

Дзед пляваўся:

— Калі ўжо надыдзе гэтаму канец?..

І канец, нарэшце, надышоў. У раённым судзе разглядалася справа аб прысваенні службовымі асобамі залатога самародка.

У загарадцы для падсудных стаяў участковы інспектар, а побач з ім раённы начальнік, пракурор і першы сакратар раённага камітэта партыі, да якога ў сейф паспеў перавандраваць неўтаймаваны залаты самародак.

На стале, перад суддзямі, навідавоку ўсёй залы, ляжаў пляскаты камень з бліскучай насечкай ад дзедавай рыдлёўкі.

Сам жа Аўдзей прысутнічаў у зале суда як галоўны сведка.

Паколькі суд быў адкрыты, а справа гэта ўзрушыла ўвесь раён, зала была бітком набіта людзьмі.

Суддзя абвясціў сутнасць судовай справы і звярнуўся да падсудных:

— Ці прызнаяце вы сябе вінаватымі?

Падсудныя нізка апусцілі галовы.

Тут з залы пачулася:

— Дазвольце мне зірнуць на гэты самародак! — І да суддзяў накіраваўся ваенны афіцэр.

Суддзі разгубіліся: што рабіць? Але не паспелі яны даць дазвол ці забараніць, як вайсковец асцярожна ўзяў самародак у рукі, уважліва агледзеў яго і звярнуўся да залы:

— Грамадзяне! Прашу спакойна, без панікі пакінуць памяшканне, бо гэта не залаты самародак, а так званая вечная нямецкая міна часоў першай сусветнай вайны. Вось блішчыць аголены рыдлёўкай яе неіржавейны корпус...

Што тут пачалося! Суддзі палезлі пад стол. Усе разам кінуліся да дзвярэй, штурхаючы адно аднаго. Дзед Аўдзей даўся ў падвойнае акно, выбіў лысінай шкло і залёг па-ваеннаму ў нейкай лагчыне.

— Я ж у першую сусветную вайну быў сапёрам!. Праз мае рукі прайшла безліч гэткіх мін! Куды глядзелі мае вочы? — не мог супакоіцца дзед.— Золата! Вось што затуманіла мае мазгі! Якое гэта брыдкае слова! Яно сапсавала на старасці год увесь мой аўтарытэт!..

Але стары памыляўся, бо праз дзень увесь раён, пачуўшы выбух знішчанага на палігоне дзедавага «самародка», удзячна выдыхнуў:

— Слава дзеду Аўдзею! Дзякуючы яму правасуддзе выкрыла столькі несумленных людзей!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 3. Апавяданні. Аповесці / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 551 с.