epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Залатая рыбка

Ігнат скончыў першы клас і гэта былі яго першыя канікулы — вольнае лета.

Вёска, дзе ён нарадзіўся і жыў, выцягнулася ўздоўж маляўнічай рэчкі, таму вяскоўцы — і стары, і малы, бавілі вольны час з вудай каля вады.

Былі і такія, хто не зважаў на забароны, і «працэджваў» рэчку сеткай. Але што сетка! Толькі вуда ці спінінг дораць сапраўдную спартыўную асалоду. І хоць рыбака з вудай на беразе жартаўліва гукалі: — «Гэй ты, на адным канцы чарвяк, на другім канцы рыбак!...», Ігнатка не расставаўся з вудай. Ён з хваляваннем, дрыготкім пальцамі чапляў на адзін канец чарвяка, ну а сам, як і належыць, заставаўся на другім канцы.

Сёння яму зусім не шанцавала. І надвор’е здаецца было спрыяльнае, і на кручок ён пляваў, перад тым,як шпурнуць яго з нажыўкай у ваду, і прыгаварваў, гледзячы на паплавок: «Лавіся, рыбка, вялікая і малая!» — ніводнай паклёўкі.

Цягануў ён лёску з вады, каб памяняць чарвяка, і сэрца яго салодка ёкнула. З вады на кручку вынырнула штосьці,...не, не штосьці, а, як падалося Ігнатку, хтосьці бліскучы, залачоны. Так, гэта была рыбка, ды не звычайная там нейкая сяляўка, а сапраўдная залатая рыбка. Яна круцілася ў паветры на кручку і выпраменьвала ад сябе сонечнае святло.

Ігнатка тузануў вудзіліна на сябе і залатая рыбка паслухмяна выпісала на лёсцы дугу і аказалася ў хлопчыкавай руцэ. Ён моцна сціснуў яе ў сваёй гарачай далоні і крыху адбег ад вады, каб не выпусціць каштоўны ўлоў. Рыбка на вобмацак падалася занадта цвёрдай, як жалеза. І самае галоўнае — яна зусім не трапятала і не выслабанялася.

Ігнатка расціснуў пальцы і ўбачыў у сябе на далоні звычайную блясну, якая мела форму рыбкі і весела зіхацела на сонцы. Відаць, нейкі спінінгіст калісьці згубіў сваю «залатую рыбку» у вадзе, а сёння Ігнаткаў кручок напаткаў яе ў рэчцы і спачатку ўзрадаваў рыбачка, а цяпер вось ледзь не давёў да слёз.

Хлопчык зняў свой «каштоўны» улоў з кручка і сумна шпурнуў яго ў траву: «У мяне і спінінга няма, ды і карыстацца я ім не ўмею».

Ігнатка вярнуўся да вады, сеў на новае месца і зноў закінуў лёску ў рэчку. Праўда перад гэтым перасунуў на лёсцы паплавок — паменшыў тонь кручка, які дагэтуль, відаць, цягаўся па дне, таму і зачапіў блясну.

Настрой быў сапсаваны, клёву па-ранейшаму не было. Толькі ён сабраўся «зматаць вуды» адгэтуль, як паплавок заліхвацкі даў нырца. Вынырнуў і зноў знік у вадзе. Ігнатка, каб не вырваць з зубоў у рыбіны кручок, лёганька нацягнуў лёску, але ніхто ў вадзе не працівіўся. Нарэшце ў паветра вынырнуў кручок, на якім...

Ігнатка ажно плюнуў ад злосці — на кручку зноў весела целяпалася блясна, паблескваючы на сонцы сваімі меднымі бакамі.

— Адкуль вас тут назбіралася на маю галаву? — абурыўся хлопчык.

Ён нервова тузануў лёску да сябе, нядбайна схапіў блясну, нервова адчапіў і кінуў у рэчку.

— Ляці туды, адкуль прыйшла!

Пакуль блясна апісвала дугу ў паветры, Ігнатка адчуў, што яго далонь набыла ліпкасць ад гэтай, другой блясны.

Яна шлёпнула ў ваду, вільнула сваім хвосцікам і, падплыўшы бліжэй да берага, мілагучным голасам прамовіла:

— Дзякуй табе, Ігнацік, за тое, што ты мяне выпусціў, не пазбавіў жыцця! А я і не думала, што ты такі бескарысны хлопчык і ніякага выкупу ў мяне не запатрабаваў. Я цябе ніколі не забуду. Бывай!

І залатая рыбка, а гэта была яна, знікла ў рачной плыні.

Ігнатка працягваў сядзець на беразе з разяўленым ротам. Ён ніяк не мог зразумець: сон гэта ці праўда. Панюхаў сваю далонь — яна захавала тонкі пах рыбіны. Зірнуў больш уважліва і заўважыў на адным пальцы чашуйку, якая засталася ад рыбкі. Чашуйка была залатая.

— Дурань! — ускочыў ён,— Які я дурань! Злавіў сапраўдную залатую рыбку і ніякай ласкі ад яе не маю! Хоць бы папрасіў у яе веласіпед для сябе ці набор каляровых алоўкаў.

Ён у роспачы ўскочыў па калені ў ваду і паклікаў:

— Гэй, рыбка! Вярніся, залаценькая! Прыплыві, даражэнькая!

Але над рэчкай было ціха і спакойна. І толькі Ігнаткава сэрца тахкала, здавалася, на увесь свет.

— Эх, рыбка...— махнуў ён рукой, вылез з вады і сумна падаўся дамоў.

Дома ён нічога нікому не сказаў, але адмовіўся ад снедання, сядзеў прыцішаны і хмуры.

— Што, сынок, не пашанцавала табе сёння? — спытаўся бацька,— Так, братка, рыбацкае шчасце такое: сёння не шанцуе, заўтра — падфарціць. Не вешай нос, сынок — і рыбіна жыць хоча...

«Ведаў бы ты, тата, як мне сёння падфарціла...! — падумаў Ігнацік і глыбока ўздыхнуў.

Усю ноч яму не спалася. Яго хвалявала пытанне: «Што б я мог папрасіць у залатой рыбкі? Што? Веласіпед? Алоўкі? Ласункі? Не!»

Сваім дзіцячым сэрцам ён адчуваў, што ўсё гэта —дробязь. А што не дробязь?

Так ён пад раніцу і заснуў, не вырашыўшы, што ж карыснае можна было папрасіць у рыбкі.

Ён кожны дзень, цяпер ужо без вуды, падыходзіў да рэчкі і каб ніхто не чуў, клікаў залатую рыбку. Клікаў, хоць пакуль не ведаў, не вырашыў, што ў яе папрасіць.

І кожны дзень з вады ніхто яму не адгукаўся.

Аднаго разу, пасля дарэмнага гукання, ён убачыў прыгнаных вадой да берага мёртвых рыбак, якія гойдаліся на вадзе ўверх жывоцікамі.

Хлопчык жахнуўся, бо такое бачыў першы раз. Ён успомніў татавы словы: «і рыбіна жыць хоча...» і не па-дзіцячы востра адчуў боль душы ля забітага жыцця.

— Тата! Мама! — прыбег ён дамоў узрушаны і напалоханы.— Там, у нашай рэчцы, плавае нежывая рыба! Хто яе забіў?

Бацька задумліва паўтарыў пытанне сына:

— Хто яе забіў?...Эх,сынок, хто яе нішчыць, даўно вядома, а вось, як дапамагчы нашай рэчцы, справа вельмі складаная...

— Дык хто? Хто нішчыць? — ледзь стрымліваў слёзы хлопчык.

Бацька, каб супакоіць сына, прытуліў яго да сябе; патлумачыў:

— Уверх па рэчцы, даўно існуе нейкі завод, які раз-пораз злівае ў ваду ўсякі бруд. І хоць завод даволі далёка ад нас, яго атрутнасць усё ж дапінае да нашых мясцінаў... Па-праўдзе кажучы, і рыбу ў нас тут лавіць непажадана, але што зробіш...

— Дык няўжо нічога нельга зрабіць? — гарачыўся Ігнатка,— А каб той завод адсунуць неяк далей ад вады!

Бацька горка ўсміхнуўся:

— Не, сынок, адсунуць завод немагчыма, а вось каб закрыць яго, спыніць яго дзейнасць, мы, людзі, спрабавалі. Пісалі лісты ў высокія кабінеты, ды толькі губляліся недзе нашы скаргі.

Пасля гэтай размовы Ігнатка непрыкметна выслізнуў з хаты і штосілы паімчаў да рэчкі. Зноў заскочыў па калені ў ваду і скрозь слёзы на ўвесь голас паклікаў:

— Рыбка! Пачуй мяне! Пачуй, калі ласка! Ты мне вельмі неабходная, рыбачка! Адклікніся!

Слёзы хлопчыка дажджавымі кроплямі цурылі ў рэчку, а ён усё клікаў і клікаў.

Нарэшце — О дзіва! — непадалёку ад Ігнаткавых ног вынырнула залатая рыбка і мілагучным голасам спыталася:

— Што табе, Ігнацік, трэба? Кажы, я зраблю ўсё, што ты пажадаеш. Ну? Можа, веласіпед? Ці алоўкі? А, магчыма розных прысмакаў захацелася? Але ў цябе ёсць толькі адно жаданне! Думай.

— Не! Які веласіпед? Нічога не хачу! Зрабі толькі, каб вада ў нашай рэчцы была чыстая, каб ніхто ў ёй не атручваўся! Гэта маё адзінае жаданне! А веласіпед ці штосьці смачнае мне купяць бацькі ці сам зараблю, як вырасту.

— Добра! — адказала залатая рыбка,— Дык ведай жа, Ігнацік, што сваім пажаданнем ты ратуеш не толькі жыхароў рэчкі, але, паколькі я жыву ў рэчцы, і мяне.

Здавалася б, я магла даўно спыніць атручванне вады, але не. Паляпшаць свой дабрабыт я не ў сілах, пакуль мяне хтосьці аб гэтым не папросіць. Мне пашанцавала, што я патрапіла менавіта табе на кручок, а не якому-небудзь сквапніку ды карысталюбцу. А ты мяне выпусціў у ваду адразу, без ніякіх умоў.

Ігнатка пачырванеў да вушэй, бо шпурляў у ваду чарговую блясну.

— Добра,— працягвала залатая рыбка,— вада ў рэчцы будзе чыстай. Бывай, Ігнацік!

Доўга яшчэ стаяў хлопчык ля рэчкі, асэнсоўваючы тое, што з ім адбылося.

А праз некалькі дзён Ігнацікаў тата ўсхвалявана і ўрачыста абвясціў сыну:

— Вось, сынок, знайшліся нашы скаргі ў высокіх кабінетах! Завод, які атручваў нашу рэчку, закрылі назаўсёды!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Казкі. Прыгоды / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2017. - 495 с.