epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Залатая спадчына

З усяго,

Што маю сёння я,

Сярод мараў збыўных

І нязбыўных —

Залатая

Спадчына мая —

Фатаздымкі родных

Незабыўных.

 

Некаторым —

Пяцьдзясят гадоў,

Рэдкім фатаздымкам —

Значна болей.

Я тулю бацькоў,

Сястру,

Братоў,

Да душы, да сэрца,

Разам з болем.

 

З імі я —

І ў той далёкі час,

Й не зусім далёкі —

Я між імі.

Атуляла

І яднала нас

Сэрцаў повязь

Марамі сваімі.

 

Веру і не веру —

Сон не сон,

Ці ж жыццё

Так хутка праляцела?

Міг жыцця,

Такі кароткі ён,

Быў яскравы,

Сёння — чорна-белы.

 

Рознае мне лезе

Ў галаву,

Ўласны прадчуваючы

Зазімак.

Сэрца з болем

На кавалкі рву,

Гледзячы

На кожны фотаздымак.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 10. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 432 с.