epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Залатое сэрца

Камусьці — прыемна, а мне — непрымальна...

Не раз чуў за доўгі свой век,

Як нехта камусьці лагодзіў ухвальна:

— О, вы — залаты чалавек!

 

А нехта другога нахвальваў напеўна

З вяршыні сваёй прастаты:

— А сэрца у вас залатое, напэўна?

Й характар у вас залаты...

 

Я ўдзячны складанаму лёсу за тое.

Што сталасць — яшчэ не фінал,

Што сэрца ў грудзях маіх не залатое,

Што б’ецца ў грудзях маіх сэрца жывое,

Бо золата — мёртвы метал.

 

А сэрца жывое ірвецца на волю,

Як птушка ў жывы гэты свет.

А сэрца жывое — з любові і болю

І з сонечных мараў і мэт.

 

Яно незалежна лунае над часам,

Над вечным ўсясіллем яго.

Усім залатым найсусветным запасам

Далёка да сэрца майго.


2007-2016

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.