epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Залатое вяселле

Залатое вяселле,

Я на ім — «малады».

Адгулі, адляцелі,

Залатыя гады.

 

Ў вечны вырай умчалі,

У нябыт-ненажэр.

На часовым прычале

Разам з жонкай цяпер.

 

Тут, ля левага боку,

«Маладая» — і мы

З ёй здалёка-далёку

Шлях прайшлі не прамы.

 

Нас круціла, ламала,

Быль нуды і бяды,

Але й шчасця нямала

Нам дарылі гады.

 

А да шчасця ў нагрузку —

Успамінаў алей.

І цяпер на закуску

Залаты юбілей.

 

Ой вы, госцікі, госці,

Без прынук піце ўсмак.

Шлюбы — гімн маладосці,

Сёння — крыху не так.

 

Залатое вяселле —

Менш святла, болей цень

Надыходзіць пахмелле

Ад жыцця ў гэты дзень.

 

«Горка!» — нам аднагодка,

А таму, як наказ,

Лепш крычыце: — Салодка!

Для гасцей і для нас.

22.VII.2017



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.