epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Залаты буліт

Юрасік рос хлопчыкам сціплым і сарамлівым. Такія рысы яго характару праявіліся асабліва выразна пасля таго, як ён пайшоў у першы клас пачатковай школы. Тут, сярод шматгалосся сваіх аднакласнікаў, ён разгубіўся і на перапынках між урокамі, шукаў ціхі закутак, дзе можна было пабыць аднаму.

Але пабыць аднаму яму рэдка ўдавалася, бо больш дужы заўсёды шукае слабейшага за сябе, каб кухтальнуць таго ў спіну ці знянацку падставіць падножку. Прытым рабілася гэта больш дужымі хлопчыкамі заўсёды навідавоку дзяўчынак-аднакласніц, каб у іх вачах выглядаць героямі.

Юрасік быў сціплым, але зусім не быў баязліўцам, таму дэманстратыўна рабіў выгляд, што не звяртае ўвагі на такія крыўдныя жарты сваіх аднакласнікаў, і гэта яшчэ больш падбухторвала яго крыўдзіцеляў.

Было ў Юрасіка і адно вельмі важнае суцяшэнне. Самая прыгожая ва ўсім класе дзяўчынка, Анютка, выбрала сабе ў сябры не кагосьці з гэтых дзёрзкіх і шумлівых «герояў», а яго, сціплага і сарамлівага Юрасіка. Вось гэта здорава! Яны разам ішлі са школы, бывала, разам рыхтавалі хатнія заданні.

Аднойчы, у трэцім класе, разам з настаўнікам на ўрок прыйшоў незнаёмец і прадставіўся:

— Мяне завуць Алегам Іванавічам. Я — трэнер дзіцячай спартыўнай школы «Узлёт» і набіраю ў секцыю хакея хлопчыкаў вашага ўзросту. Хто з вас мае здольнаці да гэтага і, галоўнае, хто жадае прысвяціць сябе гэтаму віду спорта?

Хлопчыкі, як адзін, паўскоквалі са сваіх месцаў, але Алег Іванавіч спыніў іх:

— Ціха! Не спяшайцеся! Я павінен вас папярэдзіць, што гульня ў хакей не жарты. Будуць і сінякі, і траўмы, не выключаны і пераломы. Усіх вас, вядома ж, прыняць у секцыю я не маю магчымасці, бо ёсць і іншыя класы. Таму падумайце і парайце, хто з вас мае такія рысы, як мужнасць, рашучасць, пачуццё сяброўскага локця?

Хтосьці з хлопчыкаў з’едліва хмыкнуў:

— Ну, самы мужны ў нас Юрасік Лятун.

Алег Іванавіч звярнуўся да класа:

— Хто з вас Юрасік?

Юрасік зачырванеўся, устаў і ціхенька сказаў:

— Не... я не самы мужны... Яны жартуюць.

Трэнер падышоў да хлопчыка, паклаў яму на плячо руку, патлумачыў:

— Як правіла, пахваляюцца сваёй мужнасцю далёка нямужныя. А вось сказаць пра сябе перад усім класам, што ты нямужны — трэба мець сапраўдную смеласць і шчырасць. Менавіта такія, як ты, мне ў першую чаргу і патрэбныя.

І Юрасік, сярод нямногіх сваіх адна класнікаў і вучняў іншых класаў, патрапіў у секцыю хакея спартыўнай школы «Узлёт», дзе стваралася каманда «Зорачка».

Як жа ён расчараваўся, калі, замест клюшкі, шайбы, атакі, абароны, іх, упэўненых у сваіх здольнасцях хлопчыкаў, пачалі спачатку вучыць правільна стаяць на каньках, слізгаць па лёдзе аднолькава ўпэўнена не толькі ўперад тварам, а і спінай, бокам, імгненна спыняцца і гэтак жа імгненна набіраць хуткасць.

І ўжо пасля таго, як, па словах Алега Іванавіча, хлопчыкі адчулі лёд пад канькамі, ім выдалі клюшкі і пачалі выкладаць больш мудрагелістую навуку — як дасканала валодаць шайбай.

О, якая гэта складаная навука!

Аказваецца, шайба — непаслухмяная, свавольная, самастойная. Яна ўвесь час звальваецца з клюшкі, ляціць не ў той бок, а ўжо адарваць яе ад ільду — адна маруднасць...

Юрасік, назіраючы па тэлебачанні за прафесійнымі хакейнымі баталіямі, захапляўся майстэрствам і спрытнасцю гульцоў, не мог надзівіцца, як лёгка і проста ў іх усё атрымліваецца.

А тут!.. Колькі поту, колькі падзенняў і сінякоў! Але Юрасік, хоць і дужа стамляўся, трываў, сцяўшы зубы. Ён памятаў першае знаёмства з Алегам Іванавічам і не хацеў расчароўваць таго, хто ў прысутнасці ўсяго класа паверыў у яго. Яму надавала сілы і тое, што больш дужыя яго аднакласнікі адступалі і не прыходзілі больш на трэніроўкі.

«Значыцца, справа не толькі ў фізічнай сіле,— думаў ён,— ёсць яшчэ і моц духу, пра якую настойліва напамінаў Алег Іванавіч».

Нарэшце трэнер абвясціў хлопчыкам:

— Вось мы і падышлі з вамі да амаль самага галоўнага ў нашых трэніроўках.

Усе ўзрадваліся, чакалі сапраўднага паядынку — каманда на каманду, але... зноў расчараванне. Хлопчыкаў пасадзілі ў спецыяльным класе за парты, а сам Алег Іванавіч, як і настаўнікі ў школе, стаў ля дошкі з крэйдай у руцэ.

— Хакей — цэлая навука! — пачаў ён.— Вось вы думаеце, што варта толькі выпусціць вас на лядовую пляцоўку — і вы па-майстэрску будзіце гуляць? Не! Атрымаецца неразбярыха, мітусня. Кожны з вас павінен ведаць сваё месца і свае асноўныя абавязкі. Пры неабходнасці, вам давядзецца і ўзаемападстрахоўваць, і ўзаемазамяняць адзін аднаго. Самае галоўнае заўсёды памятаць, што вы — адно цэлае. Зламаецца маральна хтосьці адзін — і гэта адно цэлае можа разваліцца.

Алег Іванавіч пачаў дэталёва і даходліва выпісваць на дошцы розныя камбінацыі і канфігурацыі будучых паядынкаў.

І пачалося: дзень у класе тэорыя, дзень на пляцоўцы практыка. Прытым практыка была, як хлопчыкі таго і праглі,— каманда на каманду. Праўда, каманды былі свае, з адной секцыі, але прысутнічаў азарт, барацьба, сілавыя прыёмы, перамогі і паражэнні.

Усе напружана рыхтаваліся да рэспубліканскага турніру на прыз «Залатая шайба».

І вось турнір пачаўся. З васьмі каманд, прадстаўленых на спаборніцтве, толькі адна падымецца на вышэйшую ступень п’едэстала. Толькі адна! Усе гэта разумелі, і хваляванне, адказнасць і жаданне быць самымі лепшымі перапаўнялі кожнага ўдзельніка турніру.

Менавіта гэта неверагоднае хваляванне і адказнасць настолькі захапілі Юрасіка, што ён, як у чароўным сне, памятае толькі азарт барацьбы, сілавыя прыёмы, балючыя падзенні і шум трыбун. Быццам гэта не ён, а хтосьці іншы віраваў у самай гушчы першых у жыцці хвалюючых падзей, быццам не яго, а некага другога абдымалі сябры па камандзе пасля забітай шайбы, быццам не ён, а яго двайнік адчайна перажываў пасля кожнага нерэалізаванага галявога моманту. О, гэтыя хвалюючыя паядынкі! Ён іх будзе помніць усе жыццё, як імгненнае і чароўнае святло знічкі ў начным небе, святло, якое ледзь паспяваеш заўважыць.

Усе гэтыя эмацыянальныя перажыванні сваёй душы Юрасік асэнсаваў пасля таго, як Алег Іванавіч абвясціў сваёй камандзе:

— Заўтра фінал! Зрабіце так, каб зорачкі ператварыліся ў сапраўдных зорак!

— А што, мы ўжо ў фінале? — не стрымаўся Юрасік.

Усе дружна засмяяліся, а Алег Іванавіч з усмешкай спытаўся:

— Ты што, Юрасік, толькі што прачнуўся? І твае намаганні паспрыялі прабіцца нам да фіналу.

Толькі цяпер хлопчык адчуў усім сваім дзіцячым сэрцам, што адбываецца штосьці вельмі важнае ў яго жыцці, магчыма, самае значнае і лёсавызначальнае.

І яшчэ Юрасік заўважыў дзіўныя перамены ў сябе. Гуляючы за сваю каманду, ён са здзіўленнем кожны раз адзначаў, што ад яго сціпласці і сарамлівасці не засталося і следу. Ён рабіўся часткай калектыву, дзе ўсе за аднаго, а адзін за ўсіх. Тут, на лядовай пляцоўцы, праяўляюцца ўсе лепшыя рысы характару, тут сарамлівасць і сціпласць саступаюць месца рашучасці і адказнасці.

Ноч перад самым галоўным матчам прайшла марудна. Заснуць так і не ўдалося, хаця трэнер і раіў добра выспацца.

Раніцай Юрасік зрабіў зарадку, лёгка паснедаў і накіраваўся да месца збору каманды.

Перад гульнёй Алег Іванавіч знешне спакойна даваў апошнія настаўленні:

— Выконвайце ўсё, чаму навучыліся на трэніроўках. Гэта — барацьба за кожную шайбу, барацьба да апошняй хвіліны, калектыўныя намаганні і, канешне, асабістае майстэрства і імправізацыя. Галоўнае — верце ў перамогу! І памятайце назву нашай спартыўнай школы — «Узлёт». Сёння павінен адбыцца ваш узлёт да новых перамог, да вяршынь беларускага хакея.

Юрасік чуў словы любімага трэнера, як праз туман. Ды і сябры па камандзе выглядалі засяроджанымі і па-даросламу стрыманымі. Было відаць, што ў думках яны ўжо скрыжавалі клюшкі са сваімі сапернікамі.

Калі ж пачалася сапраўдная гульня, кожны быў нацэлены толькі на перамогу. Але адной нацэленасці мала. Хваляванне і нервовасць з боку абедзвюх каманд ператварылі пачатак матчу ў мітусню і шматлікія парушэнні правілаў. Было такое ўражанне, што хлопчыкі страцілі ўсё, чаму іх вучылі трэнеры.

Паступова, як кажуць, пáра была выпушчана і гульня наладзілася.

Юрасік выкарыстоўваў усю спрытнасць, дэманстраваў свае каронныя фінты, але абарона сапернікаў паспяхова нейтралізоўвала ўсе намаганні Юрасіка і яго сяброў. У дадатак да ўсяго, каманда «Прамень» адкрыла лік. У першым жа перыядзе, на апошняй хвіліне лік стаў 2 : 0 на карысць праменьцаў.

Тут неабходна ўдакладніць, што на дзіцячых хакейных турнірах кожны матч складаецца з трох перыядаў, але не па 20 хвілін, як у дарослых, а па дзесяць.

Таму ў каманды «Зорачка» заставаліся ўсяго два перыяды па дзесяць хвілін, каб пераламаць ход гульні. Задача гэта надзвычай складаная, бо юныя хакеісты «Праменя» былі маральна наўздыме. Алег Іванавіч у першым перапынку, як мог, заспакойваў выхаванцаў.

— Не хвалюйцеся, не гарачыцеся. Часу пакуль хапае. Згуляйце другі перыяд, як на трэніроўцы, і ў вас усё атрымаецца.

Але ў другім перыядзе лік не змяніўся. Гульня выраўнялася, знікла нервовасць і мітусня. Адчувалася, што хлопчыкі з «Праменя» не рызыкуюць і ўсе намаганні прыкладаюць на ўтрыманне ліку. Яны перайшлі ў глухую абарону.

На другім перапынку Алег Іванавіч быў больш напружаны, нават усхваляваны.

— Я веру ў вас, сябры! Аддайце ўсе свае сілы і майстэрства гэтым дзесяці хвілінам. Дакажыце, што вы — лепшыя!

І пачаўся апошні, рашаючы перыяд. Завязалася па-мужчынску сапраўдная барацьба. Цяжка было ўсачыць за шайбай, якая маланкава пералятала ад адных варотаў да другіх, адна камбінацыя змяняла другую. Хлопчыкі абедзвюх каманд не шкадавалі сябе і — спачатку капітан «Зорачкі» Міхась, а потым, напрыканцы трэцяга перыяду, Юрасік зрабілі лік 2 : 2. Вось гэта дык матч — барацьба сапраўдных майстроў дзіцячага хакея. Абедзве каманды заслугоўваюць пачэсны прыз. Абедзве!

Але пасля заканчэння трэцяга перыяду пераможца так і не быў вызначаны. «Хто ж будзе першым — “Зорачка” ці “Прамень”?» На гэтыя пытанні адкажа серыя булітаў, па тры ад кожнай каманды.

Напружанасць узрастала з кожнай хвілінай. Нават перапоўненыя трыбуны прыціхлі.

Хто з нас не бачыў, як выконваецца буліт?! Хто з нас не перажываў, не заміраў у гэтыя звышадказныя імгненні?!

Мы не дыхаем, не міргаем, забываемся аб усім на свеце — бачым толькі нападаючага і варатара.

Дык гэта мы, гледачы! А што ўжо казаць пра таго, хто імкнецца з шайбай да варотаў, і пра таго, хто абараняе гэтыя вароты?

Ім — і нападаючаму, і варатару — не пазайздросціш, настолькі вялікая адказнасць кладзецца на іх і за ўсю каманду, і за трэнераў, і за шматлікіх балельшчыкаў.

Вось калі неабходны самыя галоўныя рысы характару хакеіста — спартыўная рашучасць, гарачае жаданне перамогі і халодны разлік.

Ты — адзін, і ніхто табе ўжо не дапаможа, толькі ты сам. Удачы табе, адважны юны хакеіст!

Трэнер каманды «Прамень» адабраў для выканання булітаў трох лепшых гульцоў. Алег Іванавіч таксама назваў тых, на каго больш спадзяваўся. У гэтую тройцу патрапіў і Юрасік, які імгненна адчуў, які груз адказнасці лёг на яго плечы.

Па жэраб’і першым будзе атакаваць вароты «Зорачкі» нападаючы каманды «Прамень».

І вось, пасля свістка суддзі, атакуючы імкліва наблізіўся да варотаў, выканаў ледзь бачны кідок і — гол! Шайба праслізнула між шчыткамі варатара і апынулася ў варотах. Лік зрабіўся 1 : 0. Псіхалагічна хакеісты каманды «Прамень» у лепшым становішчы.

Але адказ зорачкаўцаў быў не менш эфектным. Нападаючы адцягнуў увагу варатара і паслаў шайбу ў «дзявятку». Лік зраўняўся.

Цяпер ужо праменьцы напружыліся, бо ведалі, што адзін промах здольны закрыць дарогу да запаветнай мары.

Але праз хвіліну праменьцы ўскінулі рукі ўгару з крыкам «ура!» — лік зрабіўся 2 : 1 на іх карысць.

Зноў хакеіст «Зорачкі» імчыць па лёдзе насустрач невядомасці, прымушаючы ўвесь стадыён замерці — і дружнае «ўра!» зорачкаўцаў абвясціла аб тым, што зноў усталявалася раўнавага — 2 : 2.

Вось гэта паядынак! Вось дык накал барацьбы! Як шкада, што хтосьці павінен будзе прайграць, бо абедзве каманды паказваюць і майстэрства, і імкненне да перамогі.

Між тым, псіхалагічнае напружанне дасягнула свайго апагея. Усе разумелі, што надыходзіць развязка. Чые нервы будуць мацнейшымі?

І вось яны, рашаючыя імгненні. Нападаючы каманды «Прамень» імкліва наблізіўся да варотаў, зрабіў моцны кідок — і шайба... шайба з усяго лёту ўдарылася ў штангу і адскочыла ўбок.

Стадыён глуха выдыхнуў і заціх. Ніхто з хакеістаў і той, і другой каманды не варухнуўся. Нават зорачкаўцы не выказалі радасці, бо яны ў душы былі сапраўднымі спартсменамі і з павагай ставіліся да сваіх калег, разумеючы іх становішча.

Але паядынак не быў закончаны і суддзя запрасіў да шайбы апошняга хакеіста каманды «Зорачка» — Юрасіка.

У выпадку няўдалай атакі Юрасіка, лік застанецца 2 : 2 і трэнеры павінны будуць вызначыць новых гульцоў да далейшага высвятлення пераможцы. Ведаў гэта і Юрасік. Ведаў і разумеў, што менавіта ён можа зараз паставіць пераможную кропку.

Юрасік ліхаманкава пракруціў у галаве ўсё, на што ён быў здольны, нават знакаміты прыём Фірсава, замітусіць шайбу: клюшка — канёк — клюшка, пра які шмат распавядаў Алег Іванавіч.

Ён, закручваючы на лёдзе спіралі, паімчаў да варотаў, рызыкнуў выканаць клюшка — канёк — клюшка, дэзарыентаваў варатара і ўляпіў шайбу ў сетку варот — го-о-ол! Перамога!

Аглушальна зароў стадыён. Усе хакеісты «Зорачкі» кінуліся да Юрасіка — імгненна стварылася «куча мала». Нехта абдымаў яго, хтосьці падкідваў хлопчыка ў паветра, а нечая рука працягнула яму букет кветак. Юрасік падняў вочы — гэта была Анютка, яго школьная сяброўка.

— Віншую цябе, Юрасік! — з цеплынёй сказала яна.— Ты — самы лепшы!

Юрасік зачырванеўся, зноў адчуў сарамлівасць і сціпласць:

— Гэта не я, гэта мы — наша каманда сёння лепшая.

Падбег шчаслівы Алег Іванавіч і абняў Юрасіка.

— Малайчына! Які ты, Юрасік, малайчына! Гэта быў твой залаты буліт!

Уручаючы ганаровы прыз хакеістам і трэнеру каманды «Зорачка», загадчык аддзела спорту гарвыканкама ўрачыста заключыў:

— Вось яны, гэтыя мужныя хлопчыкі, якіх мы бачылі на лядовай пляцоўцы — надзея і будучыня беларускага хакея!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 4. Аповесці. Апавяданні. Замалёўкі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 535 с.