epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Замежны бруд

У тэрмінах заблытаўся я ўшчэнт,

Ішоў да любай колісь «на сустрэчу».

Цяпер гэта завецца «уік-энд»,

Аб гэта слова я язык нявечу.

 

Зацірку еў, а зараз барбекю,

Магдональдс нейкі, а куды мне дзецца.

Раней браў сала з хлебам у руку,

А сёння гэта сэндвічам завецца.

 

О слоў замежных непатрэбны бруд,

Не хочацца іх чуць, ды вуха чуе.

Мы гонар свой адсоўваем у кут,

Флэш мок і драйв гучыць то там, то тут,

Ад брэндаў, сэлфі, квэцаў — ванітуе.

 

Чужыя словы, як вясной зіма,

Тым больш, што наша мова ледзь жывая.

Нацыянальнай годнасці няма

У тых, хто бруд замежны ужывае.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.