epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Занадта хітрая Ліса

Надыйшла раніца. Сонечныя промні рупліва разбегліся па наваколлі, зазіраючы ў кожны закуточак. Прачыналася пасля ночы ўсё і ўсе.

Вылезла і Ліса са сваёй нары, пазяхнула і пачала пералічваць:

— Варону я ашукала — сыр быў вельмі смачны, Ваўка я аб’ягорыла, ён, біты, вазіў мяне, нябітую, на сябе. Зайца я абдурыла, ён замятаў мае сляды. Нават Чалавека я абвяла вакол яго ж пальца — ён пазбавіўся і рыбкі, і «каўнер» ад яго збег...

Што ж гэта атрымліваецца? З кім не павядзешся, над тым і пасмяешся. Не! Гэтак зусім не цікава!..

У Лісы нават падпсаваўся ранішні настрой.

— Каго б мне яшчэ перахітрыць? Не ведаю — усе такія прасцячкі... А што, калі б мне... паспрабаваць абвесці вакол уласнага хваста сябе? Ідэя! Я — такая разумная, такая хітрая, а раптам мне ўдасца быць яшчэ больш хітрай над сабой.

Яна, як уявіла, што па ўсім лесе разляціцца слых: «Чулі? Ліса сябе — саму Лісу перахітрыла!» — у яе ажно мазгі засвярбелі ад нецярпення.

І Ліса пачала планаваць:

— Што б мне надзвычай такое-растакое прыдумаць, каб аставіць сябе ў дурнях?.. Зраблю я... Не, я ўжо ведаю, што я збіраюся зрабіць, таму на гэта я не пападуся...

А-а, скажу я сабе, што... Зноў не! Мне, на жаль, вядома, што я задумала сабе сказаць...

Ліса разгубілася:

— Ого! Аказваецца, зусім няпроста мне сябе абдурыць. Тая я, якую збіраюся ашукаць я, гэтая, далёка не прасцячка. Яна адразу дагадваецца пра ўсе мае намеры. Што ж рабіць? Няўжо так і заставацца звычайнай Лісой? Не!

І ўсё ж, нягледзячы на ўсю сваю фантазію і рашучасць, нічога Ліса так і не прыдумала.

— Што ж, буду жыць, як і жыла! — махнула яна сваім шыкоўным хвастом і пайшла па лесе, весела спяваючы:

 

А я разумная такая —

Куды хачу, туды іду.

Ніхто мяне не ашукае,

А я — любога на хаду.

 

Раптам Лісе сустрэўся Воўк.

— Што гэта ты, суседка, такая вясёлая? — спытаўся шэры.— Пэўна, рыбкай недзе паласавалася?

«Вось зараз я і дакажу, што для мяне — луска ашукаць любога! — падумала Ліса.— Што б мне такое яму наплесці, каб ён паверыў?»

— Падумаеш, рыбка! — прытворна весела ўсклікнула рыжая і смачна пагладзіла жывот.— Я курацінкай аб’елася! На птушкаферме зволілі вартаўніка за гультайства і разагналі ўсіх Сабак за нядбайства. Кажу табе, сусед, без маны — ноччу куры адны.

Воўк ажно затросся ад нецярпення:

— І што?

— А тое, працягвала Ліса,— што ноччу можна смела на ферму кіравацца і курацінкай ад пуза сілкавацца.

— Ого! — усклікнуў Воўк.— Ты, суседка, пачала ў рыфму гаварыць. З чаго б гэта?

— Каб ты, сусед, з’еў столькі курачак, колькі я, ты б не толькі ў рыфму загаварыў, а салаўём заспяваў бы. Бывай, шэры!

І Ліса падалася далей, весела памахваючы хвастом.

Воўк пачухаў патыліцу і вырашыў абавязкова наведацца ноччу на птушкаферму, каб потым заспяваць салаўём.

Гэтую гаворку Лісы з Ваўком пачула Сарока, якая выпадкова пралятала міма. А Сарока не была б Сарокай, каб не разнесла па ўсім лесе навіну пра тое, што вартаўніка птушкафермы зволілі за гультайства, а ўсіх Сабак выгналі за нядбайства.

Што тут пачалося рабіцца! Усе, хто любіць курацінку, пачалі рыхтавацца да начнога візіту на ферму. І галоўнае, хто б ні сустракаў Лісу, усе ёй па сакрэту шапталі:

— Ты чула, кума? Птушкаферму даўно ўжо ніхто не ахоўвае! Ідзі і бяры курэй, колькі хочаш!

Ліса адмахвалася:

— Ды кіньце вы! Гэта я пажартавала з Ваўком.

— Не, Лісачка! Воўк тут ні пры чым! — пераконвалі рыжую.— нам Рысь пра гэта сказала, а ўжо ёй можна верыць!

Потым Лісе данеслі, што сам Мядзведзь запэўніваў, што ферма засталася без вартаўніка і Сабак.

— Што ж гэта робіцца? — узрушылася Ліса.— Я пажартавала з Ваўком, а ферма і сапраўды не ахоўваецца. Якое супадзенне!.. А курацінка мне даспадобы больш, чым каму. Я павінна быць першая там! І буду!

Ледзь толькі сцямнела, Ліса была ўжо ля дзвярэй фермы і, ведаючы, што яна не ахоўваецца, не хаваючыся, заскочыла да курэй.

Што тут пачалося! Куры ўзнялі перапалох, на шум збегліся Сабакі, за імі вартаўнік са стрэльбай — і ўсе на Лісу.

Не памятае яна, як вырвалася з той фермы і толькі дома, у нарэ спахапілася, што страціла палову свайго шыкоўнага хваста. Пэўна, ён застаўся ў зубах Сабакі.

На наступны дзень Ліса зноў сустрэла Ваўка, які храмаў на ўсе чатыры лапы і ледзь дыхаў. Ён напусціўся на рыжую:

— Аддубасіць бы цябе, суседка, за ману, ды сіл няма. Так курацінкі наеўся, што вось, інвалідам зрабіўся. А ўсё ты!

— І ты быў на ферме? Бедненькі! Што ж там адбылося? — зрабіла жаліслівы выгляд Ліса, хаваючы свой абадраны хвост.

Воўк з болем узвыў:

— Што там было, страшна ўспомніць. Куры распачалі шум і крык, Сабакі паднялі брэх і рык, а вартаўнік з дубальтоўкай вырас перада мной, як штык. Ледзь я ўратаваўся — кожная костачка баліць.

Ліса ўсміхнулася:

— А ты, сусед, пачаў гаварыць у рыфму. З чаго б гэта?

— Абдурыла ты мяне, рыжая! Вось з чаго! — прахрыпеў Воўк і пакрыўджаны паклыпаў прэч.

«Каб жа толькі цябе...— сумна падумала Ліса.— Сама сябе абвяла вакол абадранага свайго хваста...»

Затым яна страпянулася:

— Затое я, гэта, разумнейшая за сябе, тую!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Казкі. Прыгоды / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2017. - 495 с.