epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Жанчыны-адзіноты

Вось ён, вясковы чалавек,

Убор — ватоўка, боты.

І тут свой дажываюць век

Жанчыны-адзіноты.

 

Іх лёс са шчасцем не ў ладах.

Яго не перайначыць.

Хапае іх і ў гарадах,

Ды там іх цяжка ўбачыць.

 

А ў вёсцы напаткаеш іх

Амаль на кожным кроку.

Не мала гэтых баб старых,

Яны навідавоку.

 

За лёс цяжкі чужой віны

Не прагнуць сэрцам чулым.

І толькі думкамі яны

Далёка — у мінулым.

 

Маленства там, гады вясны,

І сонейка, і хмары.

На жаль, няспраўджаныя сны,

Няздзейсненыя мары.

 

Удоўства — жах, як ні кажы,

Змушае жыць няшчасна,

Бо спрацаваныя мужы

Пайшлі з жыцця заўчасна.

 

Даўно б змарнелі бабы, каб

Не іх адзінства ў горы.

Што на душы у гэтых баб?

Што ім надзею дорыць?

 

Усё змаглі — араць, касіць,

Пасціць, мяхі цягалі.

Іх трэба на руках насіць,

А іх недакахалі.

 

Цураліся ласкавых слоў

Мужчыны прыжыццёва,

Пакуль «не напладзілі ўдоў» —

Вось тут і ўся размова.

 

Жыццё адной — душой крычыш,

Ды хто пачуе крыкі?

І ўсё ж нясуць яны свой крыж,

Нясуць свой боль вялікі.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.