epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Запалка

Ідэя агарнула нечакана.

Падскочыла ажно бабуля Ганна,

Заззялі вочы, як у маладзіцы:

— Якая ж я бязмозглая курыца!

Я ж дома тут, як той чарвяк на вудзе.

Чым так марнець, падамся лепш у людзі.

...Някепская была старая гэта,

Але, калі нясе зіма і лета

Адно і тое — сум і адзіноту,

Да чорта ў зубы пойдзеш на работу.

І бабка Ганна са сваёй ідэяй

Пайшла «у людзі», хоць была завея.

Убілася ў тралейбус раннім ранкам,

Каб даць жаццё задумкам-нечаканкам.

Яна ўдыхнула ў высахлыя грудзі

І выдыхнула, каб пачулі людзі:

— А каб ты правалілася ўсё ў яму!

У шостую, здаецца, еду краму.

А малака — нідзе! І будзь здаровы!

Як быццам паздыхалі ўсе каровы...

Павіслі словы ў цішыні панурай,

Ды кажуць, што зацішша — перад бурай.

— А вось раней,— пачуўся голас сонны,—

Усё было: вяршкі, сняжок лімонны,

Кумыс і ражанка, і сыракваша —

Усё, чаго душа жадае ваша...

І пачалося, загуло, прарвала,

І слова слову жару паддавала:

— А каб наверсе ім мазглі адсохлі!

— А каб яны замест кароў падохлі!

— Дык гэта ж гэны лысы вінаваты!

— Прычым тут лысы? Гэта ж — дэпутаты!

— Я чуў, што вінаваты радзюкалы,

Ці як іх там? Ну, нейкія там калы.

— Вы што, з канопляў выскачылі ўчора?

Падкінулі нам партакраты гора!

— А я пры камуністах ела сала,

Яны хоць кралі, але й нам хапала!

— Нястраўнасць выклікаюць вашы спрэчкі,

Як бачу — вы ў палітыцы авечкі,—

Пачулася з гвалтоўнай гэтай кучы.—

Усё няшчасце ад таго, што чукчы

У самастойнасць павярнулі нарты,

А мы без чукчаў — ні на што не варты...

Успыхнуў, разгарэўся спор заганны,

Хоць след астыў, як кажуць, бабкі Ганны.

А бабка Ганна, шчуплая, сівая,

Ужо трасецца ў цеснаце трамвая:

— Ну што за Мінск? Во чортава калыска!

Аб’ехала, абгойсала паў-Мінска,

Мае кабецінкі, мае мужчынкі,

А ў магазінах хлеба — ні скарынкі...

Зноў цішыня — прадвеснік навальніцы,

Вісіць, як павуцініна з паліцы.

— Ты што, старая, бразнулася з неба?

Вы чулі? Захацелася ёй хлеба!

А фігу — во! — ты не хацела з макам?

Яны твой хлеб скармілі ўвесь сабакам!

— Сабакам хлеб? Адкрылі вы сакрэты!

Яны гатуюць для сабак катлеты

І любяць побач за сталом абедаць.

— Я чула, калі хочаце вы ведаць,

Яны ікру даюць свайму сабачку!

— А самі што жаруць тады, прабачце?

— Як і сабакі — розныя прысмакі.

— Вось мы дык тут грыземся, як сабакі

За мех пусты. А каб вам так жылося!

— Хто ўспомніць, а з чаго ўсё пачалося?

І хтосьці тут напомніў асцярожна:

— З таго, што сталі піць усе бязбожна...

— Ды што ён хлусіць! Плюньце яму ў вочы!

З таго сыр-бор, што мужыкі ахвочы

Да баб чужых, а не да нас, законных.

— А вы і рады з нас зрабіць палонных!

Ды толькі мы — з крылатае кагорты,—

Сказаў жанчыне мужычок пацёрты.—

Абразніцам хай сядзе ў роце скула!..

Але старая гэтага не чула.

Яна з трамвая ціха слізганула

І хуценька ў аўтобус сіганула.

Прапоўз аўтобус цяжка і не шпарка,

А з вокнаў выляталі гвалт і сварка.


2007-2016

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.