epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Запавет

Ёсць запавет для кожнага спрадвеку:

Хоць дрэўца пасадзi за доўгi век,

Дом пабудуй, жыццё дай чалавеку —

Тады i сам ты — жыў як чалавек...

 

Пасерабрыў мне скронi час няспынны,

Усё цяжэй-цяжэй мой скарб — гады...

Расце дачка, стаiць мой дом гасцiнны,

Ужо даўно дае мой сад плады.

 

Але без угнаення, палiвання

Здзiчэў бы сад, пачаў бы высыхаць.

Так i дзiця — яно без выхавання

Пачне, як кажуць, на сабак брахаць.

 

I дом не абагрэе анiводны

Без чуласцi, сямейнай цеплынi,

Ён, як нябожчык, жудасны, халодны,

Ён i не вабiць — Божа баранi...

 

О-о! Гэта проста — дрэўца ткнуць у глебу

Звязаць бярвенцы, нарадзiць дзiця.

А потым — сэрца аддаваць iм трэба,

Любiць i песцiць — да канца жыцця.


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.