epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Запазычанасць

Як шмат людзя́м даў Бог —

Зямлю-планету.

На ёй, на густ любы,

Пары чатыры года.

Зіму і восень,

І вясну, і лета,

Яны — адным экстрым,

Камусьці — асалода.

 

Якая прыгажосць!

І ўсё для нас — прыміце!

Бярыце!

Карыстайцеся навечна!

Не будзьце толькі,

Як быльнёг у жыце,

Жывіце,

Але не бесчалавечна.

 

І так зрабіў

Наш чалавечы род,

Як Бог хацеў,

Ды ўсё наадварот.

 

Крыніцы,

Краскі,

Зёлкі,

Матылькі —

Усё, з нашай нялёгкае рукі,

Прыроды першароднасць,

Як на ліха,

Усё ідзе назвод —

І не паціху.

 

І кожны новы

На зямлі нашчадак,

Па-новаму

Знішчае ўсё ў дадатак

Штогод расце

Радыяцыйны фон

І ставіцца само жыццё

На кон.

 

Мы маем

Запазычанасць па вушы

Перад жыццём, прад Госпадам,

На жаль —

Узаемна мы знішчаем

Нашы душы,

Самасвядомасць знішчылі амаль.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.