epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Запозненая сустрэча

Я звязаўся з гадамі-няўклюдамі,

Жыў па-ўсякаму — лепей і горш.

І паўвека не бачыўся з Будамі.

Не! Якое паўвека? Больш!

 

Тут крынічка жыцця патаемная

Для мяне патаемна пяе.

Тут галодныя, пасляваенныя,

Залатыя гадочкі мае.

 

Груз самоты зваліўся на плечы мне,

Нежаданы, нязгаданы госць —

Зараслі ўсе сцяжынкі малечыя,

Што ў юнацтва вялі, ў маладосць.

 

І сцяжынак тых не далічылася

Плынь душы, што цячэ па жыцці,

Быццам сонейка ў цемру скацілася

І не можа ніяк узыйсці.

 

Не глядзіце мне ў твар насцярожана,

Гай бярозавы, лесу крыло,

Мной тут збегана ўсё, пераходжана —

Вас тады тут зусім не было.

 

Я змяніўся — пазнаць не спяшаюцца

Мой прыход, нават тыя, хто й быў.

Вунь і клён — мой знаёмы, вагаецца:

Я ці не? — у здзіўленні застыў.

 

І таму выглядае засмучаным.

Дружа-клён, кінь турботу сваю!

Я і сам у жыцці перакручаным

Не заўсёды сябе пазнаю.

 

Я люблю вас! Я вам абавязаны,

Казка лесу, пагоркавы цуд.

І хоць лёс мой тым часам памазаны,

Я — усё ж, нарадзіўся не тут.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.