epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Запознены розум

Як я пражыў жыццё?

Так, як і ўсе

Маіх гадоў —

ў нястачы й весялосці.

Шалянцаваў ў маленстве пакрысе,

Штукарыў, не спыняўся ў маладосці.

 

У маладосці —

свет быў дабрадзей,

Здаваўся маладым

ад край да краю.

Ў ім быццам не было

старых людзей.

Як састарэў —

цяпер іх заўважаю.

 

Цяпер «заўважыў» лёс

сваіх бацькоў,

Тады і ўсё жыццё неўладкаваны,

Абкладзены нудой

з усіх бакоў,

Самой нядоляй

ім наканаваны.

 

Заўважыў шмат чаго,

ды хібаў тых

Не выправіць ужо,

не перайначыць.

І вецер часу ўлоўлівае слых,

Як колісь неудаўшуюся ўдачу.

________

 

З сур’ёзным сустракаўся

несур’ёзна,

Бляск слоў пустых

лічыў манетай срэбнай.

На жаль, да нас

прыходзіць розум позна,

Тады, калі, бадай што

не патрэбны.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 7. Вершы. Паэмы. Апавяданні. Казкі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 408 с.