epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Запознены вынік

Як рыбіна ў сетцы, я біўся,

Адольваў заслоны гадоў,

Баяўся, хаця б не згубіўся

Мой след сярод іншых слядоў.

 

І што? Азірнуўся і бачу,

Я — марнасці часу прымак.

Мне жыць можа б трэба іначай

Спачатку, змаленства.

А як?

 

Запознены вынік — каранне...

Нажыў гузакі на ілбе,

Аддаўшы шмат часу блуканню

Ва ўласнай душы, у сабе.

 

І сілаў патраціў не мала

На доказы: я — гэта я!

Ды грознае «мы» адчувала

Заўжды самабытнасць мая.

 

Я дзёрзкім быў — неасцярожным,

Дзе й трэба не слухаў маўчком,

Таму падпішуся пад кожным

Напісаным колісь радком.


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.