epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Жартам і ўсур’ёз

Вунь, на лаўцы

сядзяць мужыкі

Састарэлыя.

Побач ля іх,

Паважанага веку жанкі —

Успамінамі дзеляцца ўслых.

 

Хтосьці скардзіцца,

ў некага — смех,

Пэўна, праўда гучыць і мана

Хоць падслухваць,

схаваўшыся — грэх,

Ўсё ж цікава,

аб чым гамана.

 

— Не зайздросьце вы,

людцайкі, мне,

Бо жыву я ў штодзённай трывозе,—

Як калгасны гарох пры дарозе —

Хто ні едзе,

ні йдзе — ушчыкне.

 

— Я ў сумненнях

па вушы загруз,

Быццам ноччу

плыву на плыце,

Бо, прабачце,

жыву, як гарбуз —

Кончык сохне,

а пуза расце.

 

— Ды і я дажываю гады,

Як нічыйная яблынька — жуць,

З якой палкай

збіваюць плады

Ці бязбожна —

трасуць і трасуць.

 

— Цябе шчыкнуць,

яе ж — страсяне,—

Чуем голас,— То ж шчасце у лёсе.

Хто б шчыкнýў ці патрусіў мяне —

Мо «гарбуз»?

— Не, сваё я адтросся...

 

Што ж, відаць,

адзіноты яны,

Ды і кожнага,

ў старасці лёс —

Охі, ахі, ўспаміны ды сны,

Хтось жартуе,

а хтосьці ўсур’ёз.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 7. Вершы. Паэмы. Апавяданні. Казкі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 408 с.