epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Жарты пасля кварты

Выпіў дзед не без прычыны,

Апрыходваў цэлы глек.

Жончыны прыпомніў кпіны:

— Век цябе б не бачыць! Век! —

 

Сёння, як ніколі, «ела»,

Ну, хоць вушы затыкай.

І хрысціла, як хацела:

— Чашчавік! Гніляк! Гультай! —

 

Бразнула дзвярмі — і з хаты,

Ажно ў вокнах шыбаў звон.

Дзед адзін — пахмуры, кляты,

І таму хлабыснуў ён.

 

Ён сабе на нервах грае,

Паўтарае разоў сто:

— Ото ж порхаўка старая!

Усхадзілася за што?

 

Ці ж не я пра сена баіў?

Ці ж не я скасіў лужок?

Ну а сёння — прыгультаіў,

Не пайшоў складаць стажок.

 

Дык у Бога ж дзён — як зорак,

Зношвай іх на свой манер:

Не нядзеля — дык аўторак,

Не аўторак — дык чацвер.

 

Дзед бы «правіў баль» нястомна,

Ды, зірнуўшы у акно,

Аж падскочыў з лавы: — Цёмна!

Жонка ж адыйшла даўно!

 

Дзе яна? — на ганак выйшаў,

Змрочна, зоркі не гараць.

Ён нырнуў у цемру-цішу:

— Паміраць дык паміраць!

 

Калі так — падамся ў прочкі,

Адгасціў, адбаляваў.

Дзякуй вам, жыцця гадочкі! —

І... уголас заспяваў:

 

— Пакацілася да схілу

Лёсу сонейка маё.

Ой, не хочацца ў магілу,

Не злятайся, вараннё!

 

Не рыхтуйце, думкі-хмары,

Для надзеяў пастку-дол.

Не спяшайцеся, пачвары,

Ладкаваць жалобны стол.

 

Я, калі вось так нап’юся,

Чорт — мне брат, а д’ябал — сват.

Нават смерці не баюся,

Я ёй кухтальну пад зад...

 

Раптам дзеда жах халодзіць —

Хтось здаля нібы плыве.

Бачыць, постаць падыходзіць,

І башлык на галаве.

 

За плячмі каса нібыта

Ці трызубца кіпцюры.

Твар цямнэчаю спавіты —

Паспрабуй тут разбяры.

 

«Смерць!.. А я ж яе зняважыў! —

Думка хвошчыць: — Быць бядзе!..»

Толькі тут стары заўважыў,

Што гусценькі дождж ідзе.

 

«Вось дык дзіва! Ну й умора!

Ад дажджу смерць пад башлык.

Мне дык па калена мора,

Я да ўсякага прывык.

 

Пасмялеў дзед і ў запале

Дзёрзкім стаў — «вышэй травы»:

— Стой, няпрошаная краля,

Не спяшайся, я — жывы!

 

Ведаю — ніхто, ніколі

Ноч тваю не абміне.

Бачу я, што ў чыстым полі

Ты прыйшла забраць мяне.

 

Не глядзі мне, Смерць, у вочы,

Прытрымай замах касы.

Ты — царыца вечнай ночы,

Лёс мой — кропелька расы.

 

А пакуль што я не ў пастцы,

Адыдзі з дарогі, збоч.

Зробім так, як у той казцы

«Тысяча і адна ноч».

 

Ты мне рада, я — не рады,

І, каб аддаліць бяду,

Я, замест Шахерызады,

Пра свой лёс распавяду.

 

І пакуль я словы шпару,

Я не твой, бо я — жыву.

Не чапай сваю ахвяру,

Змоўкну — з плеч мне галаву...

 

Постаць — прывід, здань, хімера,

Нерухомая, як ноч.

Дзед змікціў: — «Во халера!

Гэта не адпусціць з воч.

 

Гэта падла, Смерць-ваўчыца,

Не злітуе, хоць крычы.

Ад яе не адмаліцца,

Ад яе й не уцячы.

 

Дзед узварушыў свой роздум,

Жыць ці не — асобы лік:

Ну, ратуй мяне мой розум!

Выручай мяне, язык!

 

І пачаў:

— Я нарадзіўся...—

Называе дзень і год,

Дзе хрысціўся, як вучыўся,

А пра тое, з кім жаніўся,

Ажно пырснуў слінкай рот:

 

— Што маніць? Усе дзяўчаткі,

Як сунічкі, чысты сок.

І мая была спачатку

Мёдам — рот ад слінак мок.

 

Ну а потым, з кожным годам

Смех атручваўся нудой.

Рот напоўніўся смуродам,

Хата — звягай, лёс — брыдой.

 

Я скажу насупраць ночы

Шчыра, быццам ты — святар:

Мне табе зірнуць у вочы

Лепей, Смерць, чым ёй у твар.

 

Ты — маўчыш, яна — звягае,

Ты — са мной, яе — свішчы.

Ты, я бачу, не благая,

З ёй жа я прапаў, лічы...

 

Ўмомант «Смерць» з плячэй бязмоўна

Хваць «касу», бы ў нейкім сне,

І граблямі трэсь раптоўна

Свайму мужу па спіне.

 

— Ах ты, чортава каранне! —

Бабін крык агнём пячэ,—

Вось табе за спавяданне!

Вось табе яшчэ! Яшчэ!

 

Добра, што сустрэў мяне ты,

А каб хто ішоў чужы,

Ён бы ўсе твае «сакрэты»

Раззваніў, хоць прэч бяжы.

 

Ах ты, спрэлае палена,

Я табе йшчэ пакажу!

Ты там піў, а я ўсё сена,

Згрэбла, склала да дажджу...

 

Дзед раскрыў свае ўсе карты,

Ды хітруе: — Не крычы!

Бабка, любка! Гэта ж жарты!

Я ішоў дапамагчы.

 

* * *

— Не, з табой не будзе зладу,

Ты ўсю ноч у сне бубніў.

Нейкую Шахерызаду

Ўголас клікаў, пэўна, сніў.—

 

Баба штурханула дзеда:

— Уставай, работа ёсць.

Лежабочыць да абеду

Любіш ты, нібыта госць.—

 

Дзед устаў: — Не звягай. Квіта!

Не бубніў я, Бог ты мой,

Ноч праспаў я, як забіты,

Без Шахерызады той...—

 

— Сена перавезці трэба

З забалотнага лужка,

Склала я стажок пад неба,—

Баба рупіць мужыка.

 

А затым, як плясне ў ладкі,

Зазірнуўшы у акно:

— Вой! Дык вунь стажок ля хаткі!

Што за цырк? Што за кіно?

 

Кажаш спаў ты ноччу? Дзіва!

Ноч рабіў, як чорны вол.

Ай ды працаўнік руплівы!

Ай, старэча! Ай, сакол!..—

 

Дзед, пасля праспанай ночы,

Думку ловіць на ляту:

«Я ж стажка таго у вочы

Нат не бачыў за вярсту.

 

Ноччу там, дзе луг той дальны,

Й духу не было майго...»

Падыйшоў — стажок ухвальны,

І каса каля яго.

 

Ды каса, як ёсць, чужая,

Ёй, відаць, цана-цана.

Дзед са страхам разважае:

«Хто ж прыпёр стажок?.. Яна?..

 

Вось што значыць быць прыветным

І ў бадзёрасці, і ў сне.

Падарункам тагасветным

Ўважыла Яна мяне...»

 

Нейк ішла старая жвава

Праз лужок свой, муражок.

Плясь у ладкі: — Што за справа?

Што за дзіўная праява?

Тут стажок — і там стажок!

 

Дзед у вус смяшок хавае,

І старую вучыць жыць:

— Хто сябруе, той і мае,

А ад звягі ўсё бяжыць.

 

* * *

Што жыло — ўсё аджывае,

Так заведзена спрадвек.

І людзей смерць забірае,

Што ж — смяротны чалавек.

 

Так было, так ёсць, так будзе,

Лёс нас хіліць пад гару.

І з жыцця сыходзяць людзі,

Хто ў пару, хто не ў пару.

 

Не мінуў жыцця ухабу,

Не пазбег сваёй бяды

І стары — пакінуў бабу

На зямлі. Сам — на клады.

 

Дамавіна — не палацы,

І хоць дол — не родны кут,

Тут спакой, ніякай працы

І ніякай звягі тут.

 

І ні страшна — як ні дзіва,

(Страх пануе пры жыцці)

Ўсё пароўну, справядліва,

Лепей тут, як ні круці...

 

Вось аднойчы Смерць з пытаннем

Да старога, як у сне:

— Ну, якія пажаданні?

Як асвоіўся ў мяне?

 

Ды і пра тваю загану

Мне б хацелася пачуць —

Пад адно мне месца зп’яну

Ты збіраўся кухтальнуць.—

 

Сорамна старому стала:

— Я... Прабач...

— Ляжы, ляжы!

Бачыш, я пажартавала,

А на гэта адкажы:

 

Ці не тужыш па былому?

Як ляжыцца? Як настрой?

Ці не хочацца дадому?

Ці не сумна без старой?

 

Можа, ты па жонцы млееш?

Не хавай, адкрый сакрэт.

Ты і войкнуць не паспееш,

Як я ёй «куплю білет».

 

Будзеш з ёй тут вочы ў вочы,

Нос у нос, душа ў душу...—

У труне дзед аж падскочыў:

— Што ты? Не дурней! Прашу!

 

Тут яна ўсё скаламуціць,

Пад сябе ўсё падграбе.

І табе ўвесь фарт атруціць,

Не кажу ўжо пра сябе.

 

О, яна тут перашкодзіць

Да драбніц усё, што ёсць.

Там няхай паверхаводзіць,

Там няхай растраціць злосць.

 

Смерць лагодзіць дзеду: — Згода!

Смутку не кладзі на твар.

Мне, дзядок, твая свабода

Даражэй усіх ахвяр.

 

Да жанчын я — без ахвоты,

Браць бяру, часцей старых.

Бабы — брыдкія істоты,

Згодна — лепш далей ад іх.

 

Дзед у цемры дамавіны

Усміхнуўся да вушэй:

— Вось чаму жывуць жанчыны

За братоў-мужчын даўжэй.

 

* * *

Зноў старая дзеда будзіць:

— Праганяй манюкі-сны!

Уставай мачанку вудзіць

На гарачыя бліны.

 

Дзед не толькі ўстаў — падскочыў:

— Дзякуй Богу, смерць — у сне!

Я пачаў баяцца ночы,

Жах на жаху сніцца мне.—

 

Жонку дзед абняў ўлюбёна:

— Як жа я цябе цаню!

Лепей звягу чуць штодзённа,

Чым пакуту-цішыню.

2012


2012

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.