epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Заручоныя з марай

Дарогі, што вабяць з маленства

ў прастору жыцця — не забава.

А як жа хацелася ведаць,

Што будзе на кожнае з іх.

І ад невядомасці гэтай

рабілася сэрцу надзвычай цікава —

Адкрыць таямніцы дарог

Кожны марыў наўздых.

 

І кожны быў з марай сваёй

назаўжды заручоны,

І кожны хацеў след пакінуць

на ёй, неадкрытай зямлі.

Былі мы у марах —

Калумбы, Ікары,

Былі Рабінзоны,

А ўвогуле ў нашым юнацтве

мы ўсе летуценна жылі.

 

Цікава было! Ой цікава

чакаць з невядомым сустрэчы,

Калі паварот, а за ім — Што за ім?

Таямніцы сцяна...

А сёння дарога адна прада мной

упіраецца ў вечар

І мне ўжо вядома,

куды ўсіх прыводзіць яна.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 10. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 432 с.