epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Заслужыў — атрымай!

Генадзь ішоў у школу ў добрым настроі. Урокі ён вывучыў ці, дакладней, ён так думаў, што вывучыў. Маці, як заўсёды, паклала ў партфель да падручнікаў штосьці ласункавае. Сёння ён нават не спытаўся што — вырашыў пазней, у школе зрабіць сабе сюрпрыз. Надвор’е было цудоўнае, сонечнае, дарога да суседняй вёскі, дзе знаходзілася школа, была даволі кароткай і пралягала праз лес, які заўсёды выглядаў неяк па-новаму, загадкава.

Раптам Генадзь убачыў ля лясной дарогі сівога дзеда, які сядзеў на пяньку. Хлопчык разгубіўся, нават напалохаўся крыху, бо дзед быў настолькі старэнькі, што здавалася, яму было сто, альбо тысячу гадоў.

Генадзь паскорыў хаду, прывітаўся са старым і перайшоў на подбег, але за спінай пачулася:

— Можа б, хлопчык, ты даў старому чалавеку штосьці паесці. Голад з’еў усе мае сілы, няма моцы ісці далей.

— Няма ў мяне нічога! — не азіраючыся кінуў Генадзь.— Ды і часу таксама няма, бягу ў школу!

— Ну, няма дык няма,— сумна пагадзіўся дзед.

Хлопчык подбегам аддаляўся ад старога, але раптам падумаў: «А што, калі дзед — чарадзей? Ва ўсіх казках тых, хто дзяліўся сваёй ежай з чараўнікамі ў выглядзе старых, дзяды шчодра ўзнагароджвалі за дабрыню сэрца... Адкуль тут, у лесе мог узяцца дзед, які кроку не можа ступіць? Ясна — гэта чарадзей!»

І Генадзь, зноў жа подбегам вярнуўся да старога і пачаў хітраваць:

— Прабачце, дзядуля, я ўспомніў, што ў мяне ў партфелі штосьці знойдзецца, каб падтрымаць вашы сілы... Я зараз...

Хлопчык пакорпаўся ля падручнікаў, дастаў скрутак, які паклала маці, і працягнуў яго старому:

— Вось, дарагі дзядуля, сілкуйцеся на здароўе!

Дзед раскруціў скрутак і ўсклікнуў:

— Во-о, дык тут у цябе ласункі! Дзякуй, унучак! — і дзед з апетытам пачаў есці кавалак пірага з яблыкамі і заядаць цукеркамі.

Генадзь палыкнуў слінкі: «Ну вось, плакаў мой пірог... Шкада...»

Стары ўсё даеў, выцер сівыя вусы і яшчэ раз падзякаваў свайго дабрадзея:

— Дзякуй, мілы хлопчык! А цяпер бяжы ў школу, бо спознішся з-за мяне.

Генадзь разгублена стаяў і лыпаў вачамі. Ён дрыготкім голасам спытаўся:

— А ў вас што, нічога няма?

— Нічога. А што табе трэба? — здзівіўся дзед.

Генадзь пакрыўджана прамармытаў:

— Ну, там... можа б, меч-кладзінец ці шапка-невядзімка...

— Не, унучак, нічога такога няма,— адказаў стары.

Генадзь крутнуўся і паклыпаў далей, дакараючы сябе: «Захацеў чараўніка... Толькі дарэмна смакату сваю перапсаваў, як вонкі выкінуў, ды час змарнаваў...»

Прайшоўшы яшчэ крыху, хлопчык, цяпер ужо з жахам заўважыў за паваротам дарогі, другога дзеда, які зноў жа сядзеў на пяньку, абапершыся на кіёк. Генадзь у нерашучасці спыніўся, вагаючыся — прамінаць дзеда ці абысці яго па лесе? Ён і падумаць не мог, што гэта адзін і той жа дзед, які быў здольны не толькі мяняць выгляд, але і чытаць чужыя думкі.

Стары заўважыў хлопчыкаву нерашучасць і загаварыў першым:

— Ідзі, галубок, сваёй дарогай. Не бойся мяне.

Параўняўшыся з дзедам, Генадзь пачуў:

— Можа, што паесці ў цябе ёсць, саколік, голад адабраў у мяне ўсе сілы.

Хлопчык змікіціў, што ніякіх чараўнікоў у жыцці не бывае, што перад кожным нахлебнікам не варта ламаць шапку, таму дзёрзка адказаў:

— Няма ў мяне нічога! А каб і было, я б падумаў, ці частаваць кожнага сустрэчнага, ці самому з’есці. Вось так, дзядуля!

І Генадзь пашыбаваў далей.

Дзед сумна згадзіўся:

— Ну, няма дык няма... Шкада, а то я б табе прапанаваў меч-кладзінец, абрус-самабранец ці вось...

Генадзь не даў дагаварыць старому, крутнуўся, як той флюгер на ветры:

— А ў вас усё гэта ёсць?!

— Чаму не. Для добрага чалавека знайшлося б...

— А я добры! — усклікнуў хлопчык.— Я вунь дзеда пакарміў, апошняе яму аддаў! Той дзед ведае, што я добры!

— Ну і што той дзед? — спытаўся стары.— Аддзячыў ён табе ці не?

— Якое там аддзячыў! — запаліўся Генадзь.— З’еў і нават «дзякуй» не сказаў!

— Няўжо і не сказаў? — дзівіцца стары.

Генадзь пачырванеў і моўчкі стаяў.

Стары працягваў:

— Атрымліваецца, што ты дарэмна перапсаваў сваю ежу ды і час змарнаваў?

Генадзь пераступіў з нагі на нагу:

— Атрымліваецца, так...

— Добра,— памякчэў голас дзеда,— я табе аддзячу за таго няўважлівага старога. Што б ты хацеў? Меч?

— Не! Навошта мне меч? Змея Гарынавіча няма, ды сёння столькі розных стралялак, што меч у руцэ будзе толькі замінішчам.

— А што не замінішча? — пачаў удакладняць стары.— Можа, хочаш абрус-самабранец? Будзеш есці ўсё, што захочаш і калі пажадаеш.

— Не! Сёння галодных няма! Вось каб шапка-невядзімка... Я б разлічыўся тады са сваімі крыўдзіцелямі...

— А ты вазьмі вось мой кіёк! — параіў дзед.

Хлопчык здзівіўся:

— Навошта мне кіёк? Я ж яшчэ не стары!

— А гэты кіёк незвычайны,— тлумачыць дзед.— Ён будзе тваім надзейным абаронцам. Ты толькі яму скажы: «Заслужыў — атрымай!», і ён так аддубасіць вінаватага, што той піць папросіць. Ну, згодзен?

Генадзь успомніў свайго настаўніка, які ўвесь час, як лічыў хлопчык, чэпіцца да яго без аніякіх падстаў. Ды і двойкі ён «лепіць» незаслужана. О-о, яго неабходна правучыць...

— Давайце кіёк! — рашуча заявіў хлопчык і гэтак жа рашуча пакрочыў з ім у школу.

Дзед наўздагон крыкнуў:

— Ён карае толькі вінаватых!

Але хлопчык у адказ толькі махнуў рукой.

На заняткі Генадзь, па вядомай нам прычыне, спазніўся, таму настаўнік, зноў «без падстаў», зрабіў яму вусную вымову перад усімі вучнямі. А выклікаўшы да дошкі, зноў «уляпіў» чарговую двойку за хатняе заданне, якое, на думку Генадзя, было ім вывучана.

Цярпенне ў хлопчыка лопнула і ён, сеўшы на сваё месца з «цёпленькай» двойкай, ціхенька загадаў кійку: «Заслужыў — атрымай!»

І тут дзедаў кіёк як пачаў дубасіць па спіне свайго новага гаспадара, што той паспяваў толькі войкаць.

На шчасце, настаўнік спрытна падскочыў да Генадзя і перахапіў кій.

— Што ты за ражон прыпёр у клас, і што ён тут вытварае? Хіба ж можна біць чалавека, тым больш дзіця? Адкуль у цябе гэты кіёк, Генадзь?

— Мне... мне баліць нага,— зноў кінуўся ў хітрыкі хлопчык.— Я ледзь ступаю.

— І ты з хворай нагой ішоў такую далеч у школу? — заклапочана спытаўся настаўнік.— Які ты адказны! Відаць, дарэмна я чытаў табе натацыю за спазненне, прабач. Ды і двойку тваю мы перагледзем... Я ж не ведаў, што ты хворы.

У Генадзя ад сораму ажно вушы гарэлі. Аказваецца, настаўнік зусім не такі благі, якім яго лічыў ён.

А настаўнік працягваў:

— Я зараз папрашу школьнага шафёра, каб ён завёз цябе да хаты. Падлячыся — і прыходзь.

— Не! Не трэба! — запратэставаў Генадзь.— Я сам дайду! І двойку вы мне правільна паставілі! — і Генадзь ледзь не сказаў: «Заслужыў — атрымай!», але своечасова спахапіўся, бо ведаў, каму кіёк выдасць заслужанае.

Вяртаючыся дамоў, Генадзь спадзяваўся ўбачыць дзеда і вярнуць яму яго кіёк, але дзеда нідзе не было. Генадзь прыхінуў чароўны дарунак старога да пянька, на якім ён раніцай сядзеў, і ўголас сказаў, быццам дзед быў перад ім:

— Я сам заслужу іншае і атрымаю па заслугах, без ласкі чараўнікоў! Вось так, дзядуля!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Казкі. Прыгоды / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2017. - 495 с.