epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Засумуе душа...

Засумуе душа, сэрца ў горадзе гіне,

Засумуе душа па сваёй старане —

Па лагойскай зямлі, па бацькоўскай хаціне,

Што таксама сумуюць, чакаюць мяне.

 

Засумуе душа, узляціць у нябёсы

I апусціцца там, дзе адродзіцца зноў,

Дзе сцяжынкі маленства, мой боль безгалосы,

Дзе апошні і вечны прытулак бацькоў.

 

Засумуе душа, сэрца волі захоча —

Ад тугі не засну, і не п’ю, і не ем,

Усхаплюся тады й сярод цёмнае ночы —

І ў Карпілаўку еду — у свой Віфлеем.


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.