epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Затоенае прадчуванне

Паўдня ляноціна сляпая

Хавалася ў цяньку,

Ды паступова саступае

Спякота халадку.

 

Туман, як палатно з-пад прэсу,

Хоць ветразі зшывай.

Над ім зямля зубамі лесу

Казыча неба край.

 

Усё празрыста і бялёса,

Як павалока воч.

Бяроз расплеценыя косы

Хвалююць — хутка ноч.

 

Бярэ ў палон зачараваннем

Прыроду і людзей

Затоенае прадчуванне

Загадкавых падзей.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.