epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Жаўрук

Як толькі заспяваў

Жаўрук,

Здаецца, што спявае

Неба.

І адчуваецца патрэба

Знайсці, убачыць

Песні гук.

 

Не рвецца

Дзіўнай песні ніць —

А ў небе сіне,

Ясна,

Чыста,

Нібыта там няма саліста,

А Бог

Званочкам серабрыць.

 

Вось так,

Ледзь бачны ручаёк

Бяжыць

Між беражкоў сунічных,

Спявае голасам крынічным

Ледзь чутна —

А чуваць здалёк.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 7. Вершы. Паэмы. Апавяданні. Казкі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 408 с.