epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Заўсёды новы цуд

Ура! Зімы не стала!

І ўжо каторы раз

Гасцінна завітала

Вясна-душа да нас.

 

Ільдзіны ў плыні рэчкі

Расталі, аджылі.

І гурбы, нібы свечкі,

Пад сонцам «паплылі».

 

У кожным дрэве сокам

Пульсуе зноў вясна.

А над зямлёй, высока —

Абшар-блакіт без дна.

 

Ўсё сонейкам сагрэта

І ўдзячна ўсё яму.

Было пад Богам гэта

І сто гадоў таму.

 

Міне яшчэ стагодддзе,

А вёсны будуць зноў

Галоўнымі ў прыродзе,

Як да жыцця любоў.

 

Спрадвек з вясной спатканне —

Нязменна новы цуд,

Як першае каханне,

Нібы здаля вяртанне

У сэрцу родны кут.


2007-2016

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.