epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Заўсёды ваш

А я, замест царквы, Святога Храма,

Прыйшоў пад купал сініх вечароў,

Дзе дзве бярозы, як жывая брама,

Аздобліваюць двор усіх двароў.

 

Тут прадапошні мой прытул гасцінны,

Апошні хутка мне падорыць час.

Тут бэз і яблынь згорбленыя спіны,

Настурцыя і глог сустрэнуць вас.

 

Гудуць рупліва пчолкі-працаўніцы,

Яны не ўджаляць — Божа барані!

Здарожыліся? Вось вада з крыніцы,

Папіце і ладкуйцеся ў цяні.

 

Калі ж мяне не стане дома з часам,—

Век чалавечы, як вясной лядзяш.

Заходзьце, адпачніце «самапасам»,

Прабачце — не сустрэў... Заўсёды ваш.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.