epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Здаецца — дзівоснае сню

Хата, хата — бацькоўская хата...

Раздзірае душу цішыня.

А жылі ж тут і мама, і тата,

З імі — я, да апошняга дня.

 

Як любіў я ў пасцелі, спрасонку,

Даглядаючы ціхія сны,

Слухаць стук мілагучнай даёнкі

І як сунуцца ў печ саганы.

 

Гэта мама — да сонца, рупліва,

Даглядаецца — ёй не да сноў.

Вось і тата падняўся маўкліва,

Закурыў і за дзверы пайшоў.

 

Ледзь за ім зачыніліся дзверы,

Як азваўся і ён пакрысе:

Чую стук на дрывотні сякеры,

Потым шоргат бруска па касе.

 

Голас мамы (жывы, незабыўны):

— Федзя! Што б гэта сёння зварыць?..

— Мо капусту і бульбу ў лушпінах? —

Чую татаў адказ. — Што мудрыць?

 

І ляжу я пад коўдрай шчаслівы,

І, здаецца, — дзівоснае сню:

Пра бацькоў і пра лёс іх руплівы,

Пра няхітрае наша меню.

 

Хата... хата... бацькоўская хата...

Да цябе я на крылах лячу.

Ціха тут, ты маўчыш вінавата,

Але я тут душою крычу.


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.