epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Здзічэлы сад

Калісьці людзі тут жылі —

Багата... не багата...

І тут, на кінутай зямлі.

Стаяла колісь хата.

 

Падмурак вось —

Каменняў рад,

Вунь склепа мураванка.

А навакол — здзічэлы сад,

Вось прыступок ад ганка.

 

Сум пазірае

З гэтых дрэў,

Сад, пэўна, плача ўпотай.

Няма людзей —

І сад здзічэў,

Як баба-адзінота.

 

Сад туліцца

Да той пары,

Калі ён быў у сіле.

Тады — яго гаспадары

Любілі гладзіць па кары

І «на руках насілі».

 

А ўжо калі завітваў госць,

Экскурсілі па садзе.

І частавалі ўсім, што ёсць,

Як кажуць, пры парадзе.

 

— Вось гэты яблык — наліўны,

А гэты — цукар з мёдам.

А гэты яблык — сакаўны,

Ён дзівіць кожным годам.

 

А вось, я прышчапіў «ранэт»

Да «штрыфелю» —

Зірніце!

Такі ўжо смак!

Такі букет —

Язык не праглыніце!

 

Ўсё гэта памятае сад

І дажывае ў скрусе.

Цяпер у садзе заняпад

З імшэласцю хаўрусіць.

 

Гібее сад, нібыта ў сне,

Гарбее — крыўда томіць.

Хто не ідзе,

Той скубяне,

Хтось голле гне,

Хтось — ломіць.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 7. Вершы. Паэмы. Апавяданні. Казкі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 408 с.