epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Здзіўленне

Калі ў дурную галаву

Разумныя прыходзяць думкі,

Для галавы дурной —

Спалох,

Для тых, хто побач з ёй —

Здзіўленне

 

Калі ў разумнай галаве

Раптоўна з’явіцца дурнота,

Для галавы разумнай —

Жах,

Для тых, хто побач з ёй —

Здзіўленне.

 

Калі паразумнее хтось,

А так яно

і быць павінна,

Нас апаноўвае тады

Здзіўленне,

А не захапленне.

 

Калі разумны чалавек

Чамусьці розумам бяднее,

Ахоплівае нас

Не жах,

А раўнадушнае

Здзіўленне.

 

Чамусьці й жорсткасць

дзівіць нас,

А нам бы ўсім —

«У штыкавую»

Супраць таго,

што сее зло,

Адкінуўшы з душы

Здзіўленне...

 

Як гэта важна,

не згубіць

Такую якасць,

як здзіўленне.

Але здзіўляць

павінна нас

Адкрыццяў навізна духоўных.

 

Ці ж можа

сэрцы не здзівіць

Расінак рой на павуцінцы?

Ці аднадзёнак-матылёк

Блакітны

Пад блакітам неба.

 

Вунь!

Робіць першы крок дзіця!

Вось!

Старасць мудрасцю вяшчуе!

Здзіўленне —

Шлях, які вядзе

У свет чароўны

Захаплення.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 7. Вершы. Паэмы. Апавяданні. Казкі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 408 с.