epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Згода

— Што зрабілі, што вы робіце, гады́?

Вы жыццё маё імчыце не туды,

Вы жыццё маё імчыце ў нікуды,

Ой, як мала засталося да бяды.

 

А гады мне незласліва ў адказ:

— Ты дарэмна абураешся на нас,

У мінулым ці падумаў ты хоць раз —

Плённа жыў ты ці дарэмна траціў час?

 

— Ой гады мае гады, вы ж так гулі,

Маладымі дзіва-вёснамі цвілі.

Больш у небе я лунаў, чым на зямлі —

Разважаць і думаць не было калі.

 

Больш я дзейнічаў — задумваўся радзей,

Матыльком ляцеў у полымя падзей.

Асцярожных і разважлівых людзей

Не шкадуе час, не робіць маладзей.

 

Я не быў сляпым абставінаў рабом,

Ад слупы сваіх памылак біўся лбом,

Ў марах храмы будаваў, пускаў на злом,

Падаў і ўзлятаў з надломленым крылом.

 

Я б не жыў, а час бяздарна марнаваў,

Каб жыццё не сэрцам, думкай адчуваў...

А гады ў адказ...

Адказу не знайшлі,

Ды і я маўчаў — да згоды мы прыйшлі.


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.