epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Зямлі святая памяць

Лагойскі край, зямля бацькоў,

Святая памяць землякоў —

Што сэрцу болей трэба!

Мне гэта крылы надае,

Узрушвае гады мае,

Нясе мяне да неба.

 

Я плынню стаў жыцця ракі,

Часцінкай вашай, землякі,

Стаў рэхам вашай мовы.

Наш лёс сумесна выспяваў,

Адзінай марай спавіваў —

Сустрэць світанак новы.

 

І мой, да болю родны кут,

І новы па жыцці маршрут

Мяне няспынна вабяць

Я з часам знікну назаўжды —

Не замятай мае сляды,

Зямлі святая памяць.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.