epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Землякам

Ў гісторыі —

Гады й вякі гулі,

Праз іх — шлях чалавецтва

Не кароткі.

Пісалі летапіс

Лагойскае зямлі

І нашы продкі,

й нашых продкаў продкі.

 

Пісалі плугам

на лістах палёў,

Перадаваўся плуг

ад бацькі сыну.

Пісалі зброяй,

пралівалі кроў,

Баронячы ад ворагаў

Айчыну.

 

Кладуцца спраўна

ў летапіс вякі

Штодзень,

Штогод,

Святочна і будзённа.

Я ганаруся вамі,

Землякі —

Гісторыю вы пішаце

Штодзённа!

 

Гучыць над краем

плённай працы гімн,

Жыццесцвярджальны

І сучасна-кідкі.

У ім і сельскай гаспадаркі

Ўздым,

Й тэхнічна-прамысловыя

Здабыткі.

 

Вы вынік працы,

як душу сваю,

Перадасцё

Нашчадкам працавітым,

Каб гэта праца

ў кожную сям’ю

Вярталася

Заможным дабрабытам.

 

Квітней, мой край!

Ты гэта заслужыў,

Каб слынным быць

і найпрыгожым ў свеце.

Хто будзе жыць,

Хто тут жыве,

Хто жыў,

Усе, як ёсць —

сваёй Радзімы дзеці!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 10. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 432 с.