epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Зіма-царыца

Няспешна, белакрыла

З’явілася зіма.

Усё пасерабрыла

Ў ахвотку, задарма.

 

Сумленна і рупліва

Падбельвае вакол.

Ого — якое дзіва

На ёй штодзень камзол!

 

Убор шыкоўнай дамы

Іскрыцца, зіхаціць,

Ні кропачкі, ні плямы —

Ёсць ад чаго фарсіць.

 

І завірухай круткай

На галасы пяе.

І ўсё ж адліга хутка

Убор ёй падпсуе.

 

Але, пакуль іскрыцца,

Не замакрэла даль,

Яна адна — царыца,

Яна спраўляе баль.


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.