epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Зімой не чуць нам салаўя

Хачу быць вечна маладой.

Канстанцыя Буйло

 

Я не хачу быць

вечна маладым.

Увогуле —

я не хачу быць вечна.

Такая вечнасць штучная,

як грым,

Прыклеіцца

Хваробай невылечнаю.

 

Мець вечнае жыццё?

Ізбаві Бог!

Жыць вечна —

значыць жыць і жыць

Праз сілу.

Я — вечна малады,

а хтосьці лёг

Заўчасна, маладым

лёг у магілу.

 

І як пасля такога

жыць далей,

Такому мне,

хто не ў свае сеў сані?

Я тысячны свой ладжу

Юбілей,

А справа, злева —

смерць і пахаванні.

 

Народзіны і смерць

з усіх бакоў,

Каханне, радасць, боль —

жыццё жывое.

Я ўжо даўно

забыўся на бацькоў,

На родных, на сябе —

Адкуль я?

Хто я?

 

Паспела жыта —

жыта трэба жаць,

Адвеку ўвосень

хлебароб не лындзіў.

Я — вечны,

Перастаў бы паважаць

Сябе за гэта —

можа б зненавідзеў.

 

Таму зімой

не чуць нам салаўя

Дый сонца вечна у зеніце —

Кáра...

Сустрэць з усёй павагай

рады я

Цябе, мая

заслужаная старасць.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.