epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Зімовае спатканне

Ну і сцюжа, ну і холад,

Ну й мароз, траскучы волат.

Дрыжыкі пайшлі па мне,

Так і скачуць па спіне.

 

Стыну ад вушэй да пятаў,

Толькі зоркі з чорных шатаў

След за мной не ўздрыгваюць,

А весела падміргваюць.

 

Ўсепагоднае каханне

Страх адсоўвае у кут.

Я дзяўчыну на спатканне

Запрасіў і мерзну тут.

 

Прыйдзе ўсё ж? Ці пабаіцца?

Як-ніяк, мароз, зіма.

Я дубею, час імчыцца,

А яе няма й няма.

 

Я — і вечар чорна-белы,

Ні душы вакол нідзе.

Раптам сэрцу пацяплела,

Погляд запаліўся смела,

Вунь яна — ідзе, ідзе!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.