epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Зімовы экзамен

Я й сябар мой вярталіся дамоў

Паўднём марозным з творчае сустрэчы,

Я, верабейчыкаў і галубоў

Карміць пачаў — вакол зіма-пустэча.

 

Які там корм! З кішэні крошкі строс,

Якія назапашваю старанна.

Ану крыху палепшу птушкам лёс —

Вясна ж далёка, нават думаць рана.

 

Мароз трашчыць і па калені снег,

Як птушкам выжыць на краі адчаю?

Я іх кармлю, а сябар мой у смех:

— Ёсць яны — не, я іх не заўважаю!

 

Не заўважаць жыцця вакол? Ого!..

Жыве паэт — душа адпачывае.

Ці не таму паэзія яго,

Як аўтамат-камп’ютар, нежывая?

 

А ён жа славіць гэты свет жывы,

І словы мудрагеліста рыфмуе...

Я зразумеў — ён піша з галавы,

Бо боль чужы сваёй душой не чуе.


2007-2016

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.