epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Зімовыя «дачнікі»

Гаспадары былі вам да пары

Гаспадарамі й вашымі «сябрамі».

Цяпер няма іх, вы тут жыхары

Ў абдымку з маразамі і вятрамі.

 

І ні кармёжкі, ні цяпла няма,

Для вас адно — мяукаць, енчыць, выці,

Бо забярэ бязлітасна зіма

Жывыя вашы душы, вашы жыцці.

 

А тыя, хто вясной бяздушна вас

Часова прыкармілі для забавы,

Пад цёплай коўдрай спяць ці ў гэты час

Ледзь здыхваюцца ад глынутай стравы.

 

Зімой пусцеюць дачы да вясны,

Бязлюдзяць, ды, на жаль, не безжывёляць,

Бо тут канаюць, гінуць без віны

Каты, сабакі — й ціхенька скуголяць.

 

Ваш енк і плач — слабей і ўсё радзей,

Ніхто з вас не міне смяротнай кары.

Але вясной зноў будуць у людзей

Жывыя цацкі — новыя ахвяры.


2007-2016

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.