epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Змаганне

Амаль увесь свой доўгі век — не частку,

(А сем дзясяткаў год зусім нямала.)

Усё жыццё ствараў з жыцця я казку,

Але яе жыццё і разбурала.

 

З жыццём змаганне забірала сілы,

Душу скалола марных спраў асцё.

І толькі мары надавалі крылы,

Ды хутка іх абламвала жыццё.

 

Жыццё без мары — смерці падабенства,

Жыццё без казкі — літаргічны сон.

Я чую ў сэрцы галасы маленства

І зноў ствараю казку з шэрых дзён.

 

Як цяжка ўсё жыццё з жыццём змагацца,

Дзе перамога то дабра, то зла.

Няўжо жыццё і ёсць Сізіфа праца,

Тунэль, ў канцы пазбаўлены святла?


2007-2016

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.