epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Знахарка

— Во напасць! Няўжо мне мала

Ліха? — бедаваў Алесь.—

Зноў кабыла закульгала,

У хамут хоць сам залезь.

 

Што рабіць, сусед Захарка?

А сусед?

— Не плач, браток!

У Дзянісках ёсць знахарка,

Па кульгавасці — знаток!

 

Ці каню, ці чалавеку

Толькі слова шаптане —

Той адразу ж і аптэку,

І бальніцу абміне.

 

Так што, брат, чашы ў Дзяніскі.

— Як часаць, суседзе мой?

Да Дзянісак — свет няблізкі,

Ці змагу дайсці з кульгой?

 

— Ат, Алесь, не дужа хліпай!

Ну, памесіш трохі гразь.

Ты туды цішком даклыпай,

А назад, як вецер — шась!

 

Там пакінеце кульгавасць,

Так што, брат, не стой — чашы!..

Запалілася цікавасць

У Алесевай душы.

 

І Алесь Захару з сілай

Трос руку:

— Пайду, сусед!

І падаўся ён з кабылай

У такі няблізкі свет.

 

Ледзь прыйшла ў Дзяніскі «парка»,

Знемагліся, кожны ўзмок.

Сустракае іх знахарка,

Зірк Алесь... і сэрца — ёк!

 

Чуць паўзе — кульга кульгою,

А нага — то скрып, то трэсь.

— Божа мой! А што з нагою?! —

Пацікавіўся Алесь.

 

І адказ быў поўны злосці:

— Есці не магу, ні піць.

Вось, нагу скруціла штосьці —

Трэці тыдзень не ступіць.


2007-2016

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.