epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Знаходка ці згуба?

— Скажы мне, прахожы,

Паслухай, харошы,

Згубіў кашалёк я,

Сіроцкія грошы.

Я бачыў, як ты

Паднімаў штось за мною,

Я веру, што ты

Не адкажаш маною,

Бо грошы для тых,

Хто пахрышчаны горам —

Я лекі збіраўся купіць

Дзецям хворым,

Ды нейкі прысмак ім,

Ды нейкі гасцінец —

Намуліў ім зубы ўжо

Хлеба скарынец.

Счарнеў для мяне

Раптам

Свет гэты Божы...

Дык чым ты мяне

Абнадзееш, прахожы? —

Цягнуліся вечнасцю

Паўзы імгненні.

Прахожы памацаў

Кашэль у кішэні,

Зірнуў

На свайго субяседніка

Хмура.

— Я не кашалёк паднімаў,

А акурак,

А грошы

Трымаць трэба моцна,

Разява! —

І прэч ад гаротніка

Даўся рухава,

Лічыў свой учынак

За грэх невялікі.

Ды дома пачуліся

Жончыны крыкі

І жончыны слёзы

У тры ручаі

І словы,

Як шэршняў

Пякучых раі:

— За грэх за які

Бог так жорстка карае?

Во горачка-гора!

Дачушка ўмірае.

Адкуль гэта ліха?

За што?

І чаму?

Ці ж хтосьці з нас

Злыдніў камусьці?

Каму?

Няўмольнага лёсу

Няўмольны удар,

За родным парогам

Адчуў гаспадар.

І сэрца гарэла,

Нібыта ў агні

Й сумленне крычала:

— Бяжы! Дагані!

«Прахожы» — туды,

Дзе бядак,

Праміком,

З надзеяй у сэрцы,

Ў руцэ з кашальком.

Хаця бы знайсці яго —

Думка пякла.

О Божа!

Хаця бы дачушка

Жыла!

Але бедака ўжо —

Ні слыху, ні духу.

Прыдбаў той прахожы

Адну

Толькі скруху.

«Прахожы» паклаў

На зямлю кашалёк,

Бо той невыносна

Руку яму пёк.

І подбегам, хутка

Падаўся туды —

Дамоў,

Да сваёй

Нечаканай бяды.

І хочацца верыць —

Лёс будзе шчаслівы,

Дачушка устане,

Бо Бог літасцівы.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 7. Вершы. Паэмы. Апавяданні. Казкі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 408 с.