epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Знаёмства ўсляпую

Усе мы, каб далей быць ад бяды,

Трымаем сацыяльную адлегласць.

Такі ўжо час, без маскі нікуды,

Ад нас жыццё безмасачнае збегла.

 

У масцы мы ядзім, у масцы спім,

Пакутуем вось так мы дні і ночы.

Сустрэнеш чалавека, а на ім

Нічога не відаць, адныя вочы.

 

І вось я пазнаёміўся з такой,

На твары маска, вочы, як вуголлі.

А хочацца ж старому з маладой

Гульнуць ад жонкі, абмакнуць дзве солі.

 

Ляглі мы у пасцелю — пык ды мык,

Агню няма, хоць праўда, дыму многа.

Ў яе пад маскаю знямеў язык

І я маўчу — не зразумець нічога.

 

Нарэшце чую ад яе папрок

Абразлівы — во чортавая баба:

— Ты нейкі ледзь жывы, увесь узмок,

Ты, як палена, кратаешся слаба.

 

— І ты калода! — агрызнуўся я,—

Мяне наскрозь марозіць тваё цела,

Таму вось моц мужчынская мая

Задубянела ўся, а не ўскіпела.

 

Ты маладая, а ляжыш, як лёд,

З табою тут даць дуба вельмі проста.

Яна пытаецца: — А колькі ж табе год?

— Мне восемдзесят!

— Мне дык дзевяноста.

 

— Ну, порхаўка старая! — я зароў,—

Каму патрэбны дыназаўра ласкі?

Амаладзіць сваю хацеў я кроў,

А застудзіў зусім — да д’ябла маскі!

 

Яна мне: — Спадзявалася і я,

Што сэрца прыхіну да маладога,

А гэта маска чортава твая

Падсунула мне раптам пня старога.

_________

 

Ну й вірус!

Як жа добра, што тады

Не ведалі яго Адам і Ева.

А сёння нам, яшчэ да ўсёй бяды,

Складана запамаўзаваць налева.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 13. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 480 с.