epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Знайсці б...

Знайсці б той дуб «у Лукоморья»,

Пацешыцца на схіле год

Пакуль жыву і не памёр я,

Убачыць, што гэта за кот.

 

Я казкамі па горла сыты

Даўно — бадай бы іх ваўкі.

Ды спадзяюся, гнуты, біты,

Магчыма, кот той знакаміты

З Шехерызадай — сваякі.

 

Магчыма, я дарэмна мылю

Вяроўку — прэч яе бы з воч.

А раптам казка стане быллю

У тышча першую хоць ноч.

 

А ўвогуле, прывык я змалку

Не з казкай быць, з жыццём на «ты».

Не трэба кот мне той з Русалкай

Й ланцуг не трэба залаты.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.