epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Знічкіны ласкі

Вясковыя мальцы любілі вечарам, напрыцемку збірацца на ўскраі вёскі, раскладваць вогнішча і, калі нагараў жар, пячы ў ім бульбу. Пры гэтым яны наперабой, наперакрык, наперарогат расказвалі, даўно і не раз расказанае і чутае.

Але гэта не перашкаджала ім безупынку гаманіць, жартаваць і аддавацца ў палон весялосці, якая бывае толькі ў іхнім узросце.

Калі, па іх разуменню, бульба спякалася, а вопыт у гэтым яны мелі не малы, ля вогнішча рабілася значна цішэй. Кожны нейкім ражончыкам завіхаўся і выкочваў з попелу і жару да сваіх ног спечаную бульбу.

Тут варон не страляй — колькі падкаціў бульбін, усе твае.

Гоман і рогат сціхаў і таму, што кожнаму хацелася як мага хутчэй глытаць замест слінак спечаную смакату. Кожны хапаў па бульбінцы ў рукі і пачынаў, як той жанглёр у цырку, перакідваць яе з адной рукі ў другую, бо бульбіна толькі што з жару, і сама, як жар. Пры гэтым хлопчык увесь час фукаў і дзьмуў то на далоні па чарзе, то на бульбінку.

О, што гэта за цуд, печаная бульба! Ды яшчэ ля вогнішча, ды яшчэ сярод сябрукоў, гэткіх жа «жанглёраў», як і сам!

Спачатку бульбіна чорная, непрывабная воку, затое, пасля таго, як яе паскрабеш ножычкам ці звычайнай трэсачкай, яна робіцца жоўценькай і сама просіцца ў рот. Але не так і проста да яе падступіцца. У руках яе ўжо можна трымаць. Яна не дужа пячэ, але пад апетытнай жоўценькай скарыначкай утойваецца такі ўнутраны жар, што мальцы, трымаючы ў роце адкусаны кавалачак — і хукаюць, і фукаюць, і шумна ўдыхаюць і выдыхаюць паветра, выпускаючы з роту такія клубы пары, што ім пазайздросціў бы паравоз.

Калі ж перапэцканыя вуголлем і падпаленай бульбай мальцы добра падсілкаваліся, адзін з іх, Паўлюк, з асалодай лёг на спіну, заклаў пад галаву рукі і пачаў углядацца ў зорнае неба.

— А давайце, пацаны,— прапанаваў Паўлюк,— выглядваць знічкі і загадваць жаданні. Кажуць, калі паспееш што загадаць, тое і збудзецца.

Усім прапанова спадабалася, і вось ужо пяць пар вачэй уперыліся ў неба.

Быў жнівень і метэоры часцяком успыхвалі ў небе, згараючы ў атмасферы. Таму хутка пяць малечых галасоў адначасова ўскрыквалі:

— Вунь! І вунь!.. Эх, не паспеў нічога загадаць!.. Ух, шкада...

— Ды дзе ты паспееш! Марная справа!

— А я паспеў! — усклікнуў Паўлюк.— Я паспеў! Вось так!

— Мані! — не паверылі сябры.— І што ты пажадаў?

Паўлюк падняўся, абтрос штаны і з гонарам абвясціў:

— Я пажадаў, каб мае ўсе сны спраўджваліся. Я столькі сню цікавага і смачнага, а прачнуся — і ўсё знікае, як гэтыя знічкі.

— А калі ты сасніш, што цябе праглынуў кракадзіл? Што тады? — пажартаваў хтосьці з сяброў.

Другі хлопчык уставіў сваё:

— А раптам у сне ты ператворышся ў футбольны мячык і па табе будуць з усяе сілы лупіць нагамі?

— Во здорава! — зарагатаў трэці.— Наш Паўлюк ляціць у вароты і — ба-ба-бах у штангу! Ото ж будзе балець Паўлюку-мячыку! Ха-ха-ха!

— Ну хопіць вам выскаляцца! — абарваў сяброўскія фантазіі Паўлюк. А сам, употай ад усіх падумаў: «А што, калі і напраўду знічка выконвае любое жаданне?.. А раптам мне прысніцца абы што...»

Уголас Паўлюк дадаў:

— Увогуле, усё гэта мана! Як гэта можа нейкая там зорачка выконваць жаданні? Тым больш спраўджваць сны?

Ён гэта сказаў падкрэслена весела, каб, у першую чаргу, падбадзёрыць сябе.

Усе сябрукі ўзрушана і весела накіраваліся па сваіх хатах.

Ноччу Паўлюку прыснілася, быццам яму падаравалі вялізны, прыгожа аздоблены торт, на якім зверху было напісана: «Еш на здароўе, Паўлюк!»

Звычайна хлопчык любіў раніцай паваляцца ў пасцелі. Канікулы ж — куды спяшацца? А сёння ён ускочыў... але адразу зразумеў, што сон працягваецца, што з пасцелі ён яшчэ не ўставаў, а гэты вялізны торт на стале — усяго толькі працяг прыемнага сну.

Ён азірнуўся вакол, баючыся падыходзіць да стала, і асцярожна выйшаў у першую палову хаты, дзе маці штосьці гатавала ў печы і прабіралася ля стала.

— А-а, ты прачнуўся, сынок! — ласкава сказала яна,— Апранайся, будзеш снедаць.

Паўлюк няўпэўнена пераступіў з нагі на нагу і спытаўся:

— Мама, я яшчэ сплю?..

— Што з табой, сынок? — здзівілася маці.— ты ж прачнуўся і размаўляеш са мной.

— Дык ты мне не снішся? — ажно ўскрыкнуў хлопчык.— дык гэта праўда?

— Што, праўда? — хацела высветліць маці, але Паўлюк кінуўся назад у той пакой, дзе спаў і — да стала.

Вялізны, прыгожы торт стаяў на стале, зверху на ім было напісана: «Еш на здароўе, Паўлюк!»

— Мама! — закрычаў ён.— Мамачка!

Спалоханая маці забегла на крык:

— Што здарылася, Паўлючок?

— Мама! Ты пякла гэты торт? Адкуль ён?

Здзіўленая жанчына схапілася за галаву:

— Што гэта? Адкуль ён? — як рэха, паўтарыла яна пытанне сына.

— Я ведаю адкуль ён! — усклікнуў Паўлюк і даўся ў дзверы. Ён паімчаўся да свайго лепшага сябра Міхася, з якім учора вечарам пяклі бульбу.

— Міхаська! Гайда хутчэй да мяне! — страсянуў ён сябра, які яшчэ спаў.

Той спалохана падскочыў:

— Што здарылася?

— Хутчэй да мяне! — узмаліўся Паўлюк.— Мой сон спраўдзіўся!

— Цябе што, праглынуў кракадзіл? — не паверыў Міхась.

— Які кракадзіл? Хадзем хутчэй, усё сам пабачыш!..

Ото ж быў смачны торт! У Паўлюка і Міхася ажно трашчалі пузы ад з’едзенага, а яго амаль не ўбавілася, настолькі ён быў агромністы.

— Вось гэта знічка! — захапляўся Міхась, аблізваючы пальцы.

— Ці тое яшчэ будзе! — пахваляўся Паўлюк, выціраючы са шчок заварны крэм.

Бацькі Паўлюка дапытваліся ў сына:

— Хто цябе, сынок, так павіншаваў? І з чым? Чаму нам нічога не вядома?

Хлопчыкі змоўніцкі пераглянуліся і толькі ўсміхаліся, паказваючы ўсім сваім выглядам: «Гэта — тайна!»

Гэту тайну хлопчыкі вырашылі ахоўваць і ад астатніх сяброў — маўляў, гэта ж толькі «першы блін», а далейшае пакажа, як ім сябе паводзіць.

Дзень праляцеў непрыкметна, а, калі надышоў вечар, Паўлюк з асалодай уклаўся ў пасцель і марыў: «Эх, прыснілася б мне сёння, што я паляцеў у космас і там, у глыбінях сусвету, штосьці паламалася ў касмічнага карабля. Увесь свет напружана назірае за тым, як я ў адкрытым космасе закручваю нейкія гайкі і, рызыкуючы жыццём, уратоўваю карабель. На зямлі мяне сустракаюць, як Юрыя Гагарына альбо Пятра Клімука. Сам Прэзідэнт моцна ціскае мне руку і на ўвесь свет абвяшчае: «Малайчына, Паўлюк! Ты не пасаромеў нашу Беларусь і паводзіў сябе, як сапраўдны герой... герой... геро...»

І Паўлюк закалыханы сваёй марай, салодка заснуў. Сніцца яму, як ён адразае сабе вялікі кавалак торту і толькі раскрывае рот, каб з’есці смакату, як у пакой заскоквае з рэменем яго бацька і з крыкам: «Ах ты, абібок», пачынае лупцаваць яго па адным месцы. Лупцуе настолькі моцна, што ад дзягі гарыць агнём гэта «адно месца».

«Цябе пакінулі на другі год у класе! — крычаў раз’юшаны бацька.— У цябе адны двойкі ў дзённіку! Я цябе вывучу!»

Прыбегла маці, перахапіла рамень і закрыла сабой Паўлюка ад бацькі: «Як ты можаш біць дзіця? — галасіла маці.— Гэта ж перажыткі мінулага! Адкуль ты ўзяў нейкія двойкі? Наш Паўлюк выдатнік!»

Паўлюк прачнуўся ў халодным поце. Сонца ўжо весела зазірала ў вокны і гэта яскрава падкрэслівала, што жыццё адрозніваецца ад сна.

Паўлюк пазяхнуў, пацягнуўся і падыйшоў да торта на стале. Узяўся за нож і завагаўся:

— А можа, не адразаць? А-а, пустое! Тата ж на працы, а я перайшоў у трэці клас...

І толькі ён адрэзаў сабе торта і адкрыў рот, каб куснуць яго, як у пакой заскочыў з рамнём яго бацька і...

І ўсё адбылося як у сне. Паўлюкова «адно месца» гарэла агнём, маці галасіла, перахапіўшы дзягу, а бацька вінаваціўся:

— Што мне стрэльнула ў галаву, быццам ты не перайшоў у наступны клас? Разумею, што ты не двоечнік, а нібы ў жахлівым сне, не магу звалодаць з сабой. Нейкае насланнё! Прабач, сынок, вінаваты я...

Паўлюк адразу зразумеў, што да чаго, і ціха сказаў:

— Гэта я вінаваты тата. Ты тут ні пры чым.

Праз нейкі час да Паўлюка заскочыў узрушаны Міхась:

— Ну, што сёння снілася?

Паўлюк з неахвотай адказаў:

— Ды нічога... Сёння нічога...

— Эх, шкада! — абурыўся сябар.— Я спадзяваўся на штосьці смачненькае, думаў, ты са мной падзелішся.

Паўлюк уздыхнуў:

— Я з задавальненнем падзяліўся б з табой, нават усё б табе аддаў, ды не магу...

— А дзе торт? Яго ж заставалася во-о! — шмаргануў пальцам па горле Міхась.

— Яго я выкінуў вон...

— Няўжо за ноч сапсаваўся? — пашкадаваў Міхась,— Эх, і смакацішча была!

Паўлюк з горыччу выдыхнуў:

— Ды ну іх, гэтыя знічкавыя ласкі! Абыдземся без іх.— А потым нечакана спытаўся: — Слухай, Міхась, перайшоў я ў трэці клас ці не?

— Ды ты што?! Тортам аб’еўся? — засмяяўся сябар.— Цябе ж нават павесілі на школьную дошку гонару! — Міхась перамяніў тэму: — Гайда на рыбалку! Кажуць, плотка клюе з разгону.

— Не,— адмахнуўся ад прапановы Паўлюк,— я сябе дрэнна адчуваю.

— Ну, дык бывай! — і Міхась знік за дзвярыма.

Дзень цягнуўся марудна. Паўлюк з жахам чакаў наступную ноч, пераканаўшыся, што сны і сапраўды нейкім чынам спраўджваюцца. Ён і рады быў бы адмовіцца ад свайго таго загаданага жадання, ды не ведаў, як гэта зрабіць. Тая знічка згарэла, а другую паспрабуй падцікаваць ды яшчэ паспей адзагадаць загаданае.

Як ні адцягваў Паўлюк сваё засынанне, а ноч прытулілася да вокнаў і ён мусіў лезці ў пасцель.

Доўга бадзёрыўся Паўлюк, ляжаў з адкрытымі вачыма, і ўсё ж непрыкметна заснуў.

І прыснілася яму...

Ён ужо не разумеў, сніцца яму ці ён прачнуўся і сон пачаў спраўджвацца, але ён з усіх ног імчаў па нейкіх джунглях, а за ім, улюлюкаючы на ўсе галасы, гналіся з коп’ямі і лукамі, з пер’ямі на галаве, амаль голыя індзейцы з самага жорсткага індзейскага племя Аракчытапулоктэра.

Паўлюк, магчыма, і ўцёк бы, бо страх удвойвае сілы, але нейкая малпа, відаць, гуляючы, падставіла яму падножку і Паўлюк з усяго маху зарыўся носам у зямлю.

Яго скруцілі і прывялі да правадыра індзейцаў, які сядзеў на бамбукавым троне.

— Ты хто, бледнатвары воін? — сурова спытаўся ён.

— Я — Паўлюк,— спалохана адказаў палонны.— Я вучань другога «А» класа, паспяхова перайшоў у трэці. Адзнакі ў мяне выдатныя, магу нават дзённік паказаць...

— Што ён сказаў,— спытаўся правадыр у галоўнага шамана.

Шаман пакурчыў страшэнныя міны, штосьці пашаптаў, гледзячы ў неба і адказаў:

— Гэта — белы вядзьмак! Ён чытае свае заклінанні, каб знішчыць наша племя.

— Ты манюка! — закрычаў Паўлюк.— Сам ты вядзьмак!

Правадыр загадаў:

— Кіньце ведзьмака на раздзіранне львам!

Але шаман ціхенька даклаў яму:

— У нас саміх праблемы з правіянтам.

Тады правадыр даў новы загад:

— Пасадзіце яго пад ахову, заўтра раніцай мы яго спячэм на агні альбо з’ядзім жыўём.

— Жыўём! Лепш жыўём! — закрычалі з усіх бакоў чырванаскурыя воіны.

І Паўлюка пасадзілі нанач у нейкую каталажку пад ахову дзвюх індзейцаў.

— Усё! Мне адсюль не выбрацца! — заплакаў Паўлюк.— Бывайце, мама і тата! Бывайце, мае сябры! Ніколі ўжо нам не пячы разам бульбу...

Раптам Паўлюк страпянуўся:

— Ноч жа наперадзе! Варта мне толькі заснуць і новы сон перанясе мяне ў другі час і ў новую дзею!

Але дарэмна ўзрадаваўся ён. Сон па загадзе не прыходзіць. І чым мацней Паўлюк прымушаў сябе заснуць, тым горш гэта атрымлівалася. Колькі ён ні паўтараў: «Спаць, спаць, спаць!» — сон не надыходзіў.

Ён успомніў чутае ад дарослых, быццам некага некалі таксама прыгаварылі да смяротнай кары і сказалі: «Заўтра раніцай табе адсякуць галаву, але, калі ты гэтай ноччу не будзеш думаць пра белага мядзведзя, табе даруюць жыццё...»

Колькі бедалага не прымушаў сябе не думаць пра белага мядзведзя, думаў ён толькі пра яго.

Раніцай у яго спыталіся: «Ну, думаў ты ноччу пра белага мядзведзя ці не?» Прыгавораны да смерці шчыра прызнаўся: «На жаль, толькі пра яго і думаў...»

Суддзі памілавалі яго за мужнасць і добрасумленнасць, бо ведалі, што ў такім стане не думаць пра забароненае немагчыма...

Паўлюка гэты белы мядзведзь і выратаваў, бо ён адхінуўся ад сваіх жахлівых думак і непрыкметна заснуў. І прыснілася яму, што яго родная мама нахілілася над яго ложкам і ласкавым голасам, ціхенька азвалася:

— Уставай, сынок. Прачынайся, Паўлючок, снедаць пара...

Хлопчык слухаў мацін голас, як чароўную музыку і не хацеў расплюшчваць вочы, каб гэта казка не знікла.

І толькі тады, калі маці пагладзіла яго па галаве і паўтарыла: «Уставай, сынок!» Паўлюк прачнуўся і — о, шчасце! — казка не знікла.

Маці сапраўды будзіла яго, і гэта была самая цудоўная раніца ў жыцці хлопчыка.

Наступныя ночы прыносілі самыя розныя сны, але яны, на шчасце, больш не спраўджваліся. Магчыма, таму, што маціна ласка расчаравала яго, а, можа, зорачкі ў небе злітаваліся і далі магчымасць хлопчыку не спадзявацца на сны, а самому знаходзіць дзіўнае і цікавае ў рэальным жыцці.

Калі ж чарговым вечарам ля вогнішча, пасля ласавання печанай бульбай хтосьці з сяброў прапаноўваў:

— Давайце глядзець на зоркі і загадваць жаданні!

Паўлюк адмаўляўся:

— Свае жаданні трэба ажыццяўляць самім, без дапамогі зорак!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Казкі. Прыгоды / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2017. - 495 с.