epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Зніклая гармонія

Была у бабулі курка,

Якая несла ёй яйкі,

Якую бабуля любіла,

А курка ў адказ сакатала.

 

Быў і каток у бабулі,

Шэранькі верціхвосцік.

Куды б ні ступіла бабуля,

Каток каля ног завіхаўся.

 

Быў у бабулі і Цява,

Сабака — жывы званочак.

Няхай сабе беспародны,

Затое адданы бабулі.

 

Былі у бабулі і дзеці,

І нават шматлікія ўнукі,

А век дажывала бабуля

З куркай, катком і Цявам.

 

Бабуля сабаку — заціркі,

Бабуля катку — сырадою,

Курцы бабуля — зярняткі —

Між імі любоў і згода.

 

Былі у бабулі курка,

І шэры каток, і сабака,

Між імі — любоў і згода...

Ды раптам не стала бабулі.

 

І курку спаткала сякера,

Сустрэла катка бездагляднасць,

Бяздомным зрабіўся Цява —

Крыж-накрыж на вокнах дошкі.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.