epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Жніво адышло

Жніво адышло і — па лету...

Хоць гэта пара не благая,

Вунь, восень залоціць карэту

І тройку гнядых запрагае.

 

Прыпусціць сваіх чыстакроўных

І рынецца рыжая пані

Адорваць абноўкай шыкоўнай

Абшары — свае уладанні.

 

Лясы ператворыць у казку

У дрэў размалюе абліччы.

Ёй хопіць і фарбаў, і бляску,

А не — дык у сонца пазыча.

 

Вясёлкава ззяюць далоні,

Абгледзіць усё і абскача.

Як толькі прытомяцца коні —

Паблякне, дажджамі заплача.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.