epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Зона

Лагойшчына! Зямля маіх бацькоў!

Тут і майго жыцця бруіць крыніца.

Тут першы крок і першая любоў —

Якая ўсё жыццё хвалюе, сніцца.

 

Любоў да белай, снежнай цішыні,

Да пахаў веснавых, птушыных спеваў,

Да лецейка, пяшчоты-цеплыні,

Да восеньскіх, у сум адзетых дрэваў.

 

Прыйду сюды — і адпачне душа,

Я тут не госць, я тут невыпадкова:

Тут жыў Купала і Ядвігін Ш.,

І тата з мамай. Тут гучыць іх мова.

 

Адны — з узнёслых слоў вянок плялі

Натхнёна, незабыўна, непаўторна.

Ступалі, як і ўсе мы, па зямлі,

А шлях праклалі велічны і зорны.

 

Другія ж — а я іх не менш люблю,

Як тут смяюцца, з іншай соскі ссалі.

Глядзелі больш, сагнуўшыся ў зямлю,

І на раллі свой летапіс пісалі.

 

Слязьмі пісалі, потам і крывёй,

Рукамі ў мазалях сухіх і жылах,

Худой, заўсёды згорбленай спіной,

Якая і не марыла аб крылах.

 

Як той казаў, на твары дзве шчакі:

Адна на сонцы, а ў цяньку — другая...

Я вам зайздрошчу, продкі-землякі,

Хоць ваша доля горкая, благая.

 

Хоць давялося вам служыць панам

І на чужой зямельцы гнуцца крукам,

Але ніхто не пазайздросціць нам.

Ды што ўжо нам? Ні дзецям і ні ўнукам.

 

Хто сёння або заўтра праглыне

«Гасцінец», што паслаў нам лёс учора?

Бяда не ў тым, ядзім мы хлеб ці не,

Які мы хлеб ядзім? — у гэтым гора.

 

*

Ідзе па лесе чалавек з кашом,

Хоць зрання падпсавалася пагода.

Спагадна восень пырскае дажджом,

Ды дожджык грыбніку не перашкода.

 

Ў другой руцэ не спіць, працуе нож,

Зразае ножкі нізка ля зямліцы.

То скокне падасінавік у кош,

То махавік за ім, а то — лісіцы.

 

Да іх усіх — пашана і любоў,

Але яны, як кажуць, люд прыдворны.

Трапляе часцяком і цар грыбоў,

Надзьмуты, важны, з галавой аж чорнай.

 

Гасцінцаў не шкадуе шчодры бор —

Таўстух, радовак, курак, сыраежак.

Ідзе грыбнік — ідзе мой дзед Рыгор,

Не абмінае запаведных сцежак.

 

А што за смак узяць грыбок зімой

З алеем і цыбулькай ці смятанкай!

Такая смакацішча, Божа мой!

Не горай нават, чым бліны з мачанкай.

 

А як духмяна пахне грыб сухі!

Аж нос дрыжыць — той пах зімой ацэніш.

Нібыта Божа адпусціў грахі,

Як баравік у поліўцы сустрэнеш...

 

Ідзе мой дзед, нясе грыбкі ў кашы —

Пацешыць чалавека восень здольна,

Хоць сыпле дождж, а светла на душы

І думкі ў галаве цякуць павольна.

 

Адхлынулі ад цяжкай працы дні,

Ралліца гноем пад зіму накрыта.

І бульбачка ляжыць у варыўні,

Цапы даўно абмалацілі жыта.

 

Не сыплецца, вядома, цераз край,

Ды, дзякуй Богу, на стале не пуста.

Не зводзіцца і хлеба каравай,

І бурачкі, і морква, і капуста.

 

Ды гэта ўсё, як той казаў, муштук,

Бо моцны дым толькі цыгарка родзіць —

Перад зімой заколецца парсюк,

Кароўка да ацёлу падыходзіць...

 

Ідзе мой дзед... Даўно гэта было,

На твар падзей ляглі гады-маршчыны.

Ды што было — на жаль, яно сплыло,

Пакінула нам думкі-успаміны.

 

Зямліцай стаў і сам мой дзед Рыгор —

Прабач, дзядок, што твой пакой парушыў.

Чаму ж мяне мой успамін прыпёр

Да тых гадоў? Зрабіць я гэта мусіў.

 

Ці ж дзіва ў тым, што дзед збіраў грыбы?

Што бульбу елі? Шчаўе ці брусніцы?

Аб стравах тых не мелі б мы журбы.

Хіба ж мы мала маем ад зямліцы?

 

І я збяру грыбы, і кожны з вас,

І малачко з’ядзім, і журавіны,

Ды вось бяда — ад іх праз хуткі час

Нам свет закрые века дамавіны.

 

І з’есці гэты грыб я быў бы рад,

Гародніну бяру — душа трасецца.

І ем — а што рабіць? — глытаю яд,

Куды, скажыце, кінуцца, падзецца?

 

Мы ў зоне забароненасці ўсе,

Мы і ахвяры, а не толькі сведкі.

На жаль, яна яшчэ нам прынясе

Свае плады, бо гэта — толькі кветкі.

 

Цяпер ніхто не есць за дзве шчакі,

Раку жыцця перакрываюць мелі.

Быў больш пакутны час, калі грыбкі,

І ягады, і шчаўе — толькі й елі.

 

Ды і цяпер без іх хоць не жыві,

Руку адсекчы лепей бы згадзіўся.

Ў жыцці яны з дзяцінства, у крыві

Для кожнага, хто ў вёсцы нарадзіўся.

 

А мы раслі пад гоман баравы,

Качаліся ў пяску, як парасяткі.

Нас сёння заклінаюць: — Хто жывы,

Ў лясы ні кроку! Бойцеся травы!

Бяжыце ад зямелькі без аглядкі!

 

Во дажыліся пад сваёй страхой!

Нас лёс далейшы ставіць на калені.

Зайздрошчу я табе, мой дзед з сахой,

Як мы, свайго ты не баяўся ценю.

 

Свой доўгі век пражыў без дактароў,

Больш мудра і надзейна лёс размераў.

Такіх, як мы, ты не сустрэў «звяроў» —

Ні стронцыя, ні цэзія, ні бэраў.

 

Не чуў ты, мой дзядуля, пра кюры,

Як кажуць, не панюхаў гамафону.

Ці ж мог ты ведаць, скуль тыя «звяры»?..

А я іду з Лагойшчыны — у зону.

 

Іду адзін, прабач і ты, чытач,

Да чорта ў зубы, бо няма там Бога.

Там будзе жудасна, там енк і плач,

Там небяспечна для ўсяго жывога.

 

*

Ад смакацішчы слінак повен рот,

А тут яшчэ казыча нос жывіца.

Праз столькі намаганняў, столькі год

Даў Бог у новы дом перасяліцца.

 

І двор прыбралі, выграблі смяццё,

Кіпіць у печы, смажыцца аж зранку,

Бо пачынаюць новае жыццё —

Як не сабраць суседзяў на гулянку?

 

Аж ломіцца ад рознай стравы стол.

І не галодны мог бы падзівіцца.

Якія агуркі! Які засол!

І кумпячок, і нават паляндвіца.

 

Заквашана капуста ў качанах

І крышаная побач — калі ласка!

Падсмажанае сала — на блінах,

А на патэльні аж пішчыць каўбаска.

 

Гатова ўсё, хай госцікі ідуць,

З людзьмі патрэбна й радасцю дзяліцца.

А бульбачку пад парай пададуць,

Яна стаіць за засланкай, дыміцца.

 

Прабачце, даражэнькія мае,

Цікава вам — а ці ж гарэлка будзе?

А як жа абысціся без яе?

Хто ж гэта хоча жыць не так, як людзі?

 

Апісваў бы я гэты стол далей,

Бо выглядае ён і больш багата,

Ды гаспадар памкнуўся да дзвярэй,

Пачуўшы голас Бізуна Кандрата.

 

Кандрат, хоць у гадах, а быў жывы

І жвавы, як агеньчык папяроскі.

А звалі яго проста — Канцавы,

Бо жыў ён у канцы, аж з краю вёскі.

 

Кандрат жа пра сябе даў знаць з сяней:

— Ўваходзіны і гэты стол аж сніцца.

Дай, думаю сабе, пайду раней,

Да добрай чаркі не дай Бог спазніцца.

 

Віншую вас! — раскланяўся Кандрат,—

Цябе, Сцяпанка, і цябе, Антося!

Каб вы былі здаровы, так я рад,

Каб вам тут і жылося, і вялося!

 

... Кандрат адзін застаўся. У жыцці

Адзін пад старасць нехта застаецца.

Яму раней і рупіла прыйсці —

Сярод людзей хто хочаш засмяецца.

 

За ім Кастусь ступіў цераз парог

З сваёю жонкай Лідай, як калодай:

— Жывіце, даражэнькія, дальбог,

З грашыма меней, а найбольш — са згодай!

 

Прыйшоў Іван, сусед — рукой падаць,

Уперад жонку прапусціўшы — Гэльку.

І кожны, ледзь закончыць віншаваць,

З кішэні важна дастае бутэльку.

 

З гасцямі й падарункі тут як тут —

Хто капу, хто карніз, хто табурэтку.

Васіль ікону начапіў на кут:

— Жывіце з мірам! Будзе Бог за сведку!..

 

Дом будавалі ўсе — хто чым памог.

І тут амаль усе аднавяскоўцы.

Адзін без аднаго — ні за парог,

Адзін з адным — як у ахапцы дроўцы.

 

Падняўся гоман, смех не без прычын —

Узрушыліся ад яды-спакусы.

І ад бутэлек розных у мужчын

Ужо даўно, відаць, свярбелі вусы.

 

Антося да Сцяпана падышла:

— Кінь размаўляць! Каго накорміць казка?

Людцы, суседзі, просім да стала!

Частуйцеся, сядайце, калі ласка!

 

Ніхто не стаў чакаць, каб лішні раз

За стол прасілі, ды і селі шпарка

Бліжэй да чаркі, скваркі і каўбас,

І слова папрасіў сусед Захарка:

 

— Я свой кілішак за гаспадароў

Напоўніў да краёў, пакуль лілося.

І ты, сусед Сцяпанка, будзь здароў!

Ніколі не хварэй і ты, Антося!

 

Такі, мае суседзечкі, і сказ,

Кароценькі, як у зубах акурак.

Я рад за вашых дзетак і за вас,

Што гэты дом — жыцця-быцця падмурак!

 

Кульнулі ўсе з прыцмокам, нібы мёд,

Занюхаўшы спярша кавалкам хлеба.

Затым пайшла й закуска хутка ў ход,

Працуеш добра — і ў ядзе патрэба.

 

Зноў налілі і слова ўзяў Кандрат,

Замоўклі ўсе, бо гэты нешта жарне.

Ён і цвярозы — нібы аўтамат,

А як пад мухай — быццам малатарня.

 

— Сцяпанка, асцюкоў табе ў штаны,

Каб ты квітнеў з кабецінай Антосяй!

Вы ў гэтым доме з ёю, як паны,

Бог вока затрымаў на вашым лёсе.

 

Каб мне, Сцяпанка, не мінуць кілы,

Я вам жадаю яшчэ лепшай змены.

Ў кішэні — грошай, шчасця — у вуглы,

Здароўя вам з Антосяй ва ўсе члены!

 

І зноў пачуўся за сталом прыцмок.

— Да дна,— крычыць Сцяпан — бо я пільную!

І тут прыйшоў пазней за ўсіх Змітрок.

— Штрафную! — закрычалі ўсе.— Штрафную!

 

Жадаў хто што, працягвалі гуляць,

Ў жыцці такіх выпадкаў небагата.

Сям’я з дзяцьмі змагла на ногі ўстаць,

Ці ж гэта жарт — навюсенькая хата!

 

Жанчынкі раптам ціха пачалі

Свайго юнацтва песню, зацягнулі.

Мужчыны падхапілі, як маглі,

Бо як гэта, парткі — ды без кашулі?

 

— Не садзіся, сонейка,

Ды за хмару чорную.

Не хавайся, лецейка,

За зіму халодную.

Не рабіся, долечка,

Сумнаю, няшчаснаю,

Хай надыдзе ранічка,

Хай жыццё вяртаецца...

 

Паслухай, сэрца, песню, памаўчы —

Адну з жалобных самых калыханак...

Гулялі людзі позна, да начы,

Для іх ніколі не наступіць ранак.

 

*

І дзень прайшоў, і два пасля гасцей,

На месца ўсё пастаўлена, прыбрана.

Раз вечарам, паклаўшы спаць дзяцей,

Звярнулася Антося да Сцяпана:

 

— Сцяпаначка, чым сэрца загаіць?

Пра станцыю я чула...

— Пра якую?

— Пра тую, што ў Чарнобылі стаіць,

Пра гэту скулу, Сцёпачка, талкую.

 

— Дурніца ты! — не вытрымаў Сцяпан.—

Яна ж ад нас за дваццаць вёрст — далёка!

І радыё маўчыць — ці ж гэта зман?

Ото ўжо з вамі, бабамі, марока.

 

— А хто іх зразумее там, чарцей? —

Працягвала Антося хвалявацца.—

Сцяпанка, я баюся за дзяцей...

— Пакінь, Антося, будзем спадзявацца...

 

Не вер ты плёткам, нос вышэй трымай,

Каму гэта дурыць людзей цікава?

Учора святкавалі Першамай —

Ці ж дапусціла б да таго дзяржава?

 

Так і рашылі — жыць як і жылі,

Дасць Божачка — і сціхнуць байкі-плёткі,

Хоць скінуць камень з сэрца не змаглі,

Хоць ім душу, як кажуць, дзёрлі коткі.

 

*

Мікола адслужыў як мае быць,

Сумленна, чэсна два гадкі адбухаў.

І спецыяльнасць там паспеў набыць,

Таму цяпер патыліцу не чухаў.

 

Ды і калгас рукам працоўным рад,

А тут механізатар — гэта ж шышка.

Шафёр у вёсцы, як сказаў Кандрат,

Патрэбен так, як для заціркі лыжка...

 

Ляцелі куры з каляін кулём,

Дзяўчаты чырванелі, нібы ружы,

Як бачылі Міколу за рулём,

Калі ён з форсам пралятаў праз лужы.

 

І ён усіх іх бачыў — не аслеп,

Толькі адну з іх сэрца заўважала,

А як заўважыць — тахкае, як цэп,

Баліць, пячэ і ные, як ад джала.

 

Прычаравала хлопца, хоць крычы.

І ён, завершыць ледзь сваю работу,

Надзене, наваксуе храмачы,

Прычапурыцца і стаіць ля плота.

 

Жаніх, сказаць па-праўдзе, хоць куды,

Прыгожы, не разбэшчаны, вясёлы.

Дый дваццаць два гадочкі — малады!

А, вунь ідзе яго Алеся з школы.

 

Яна працуе ў школе першы год

Пасля сваёй вучобы — інстытута...

Убачыла Міколу ля варот,

Зачырванела, як у полі рута.

 

— Алеся, прывітанне! Як жывеш?

— Я? Я жыву — нічога... Прывітанне!

А сам, Мікола, ты куды ідзеш? —

Дый больш пачырванела ад пытання,

 

Бо ведала — чакае ён яе,

Даўно ўжо гэта не было сакрэтам.

Калі любоў гняздзечка ў сэрцы ўе,

Не будзе пуставаць гняздзечка гэта.

 

*

Ледзь гутарку Алеся пачала,

Міжволі дзеці ўскочылі на ногі:

— Паліць касцёр!.. Варыць яду!.. Ура-а!

Ісці ў паход на свята Перамогі!

 

Паход!.. Ці ж для дзяцінства існуе

Што-небудзь больш жаданае на свеце?

І клас пачуцці выплюхнуў свае.

Алеся ўстала: — Ціха! Ціха, дзеці!

 

Машына нас да месца давязе,

Дзе йшлі баі — акопы там убачым.

Адтуль, як кажуць, на адной назе

Ў раённы цэнтр праз нейкі час даскачам.

 

А там жа краязнаўчы ёсць музей,

Наш родны край пазнаць ён дапаможа.

А шлях дамоў — не з дому, больш бліжэй.

Такім вось будзе наша падарожжа...

 

Ў машыне ехаць — шык, не на кані.

І хутка зніклі вёсачка і школа.

Быў повен кузаў смеху, піскаўні,

А вёз дзяцінства гэта сам Мікола.

 

Ён вёз не толькі дзетак, а й любоў,

Аб ёй з пяшчотай марыў і бясконца.

Мікола сёння ехаць быў гатоў

Не да акопаў нават, а да сонца.

 

Нарэшце заспявалі тармазы,

Застаўся шлях, як кажуць, за спіною.

Алеся з кузава спрытней казы

Саскочыла: — Ну, хто хутчэй? За мною!

 

І зноў дзіцячы смех, як птушак спеў,

Рассыпаўся, расцвіў пад небам мая...

Чаму ж ніхто сказаць ім не хацеў,

Што іх не сонца — цемра абдымае?

 

Што нельга ім ламаць, паліць галля,

Што нельга піць атручанай вадзіцы,

Што лес — ім вораг, вораг ім зямля,

Што сэрцы ім пранізваюць «часціцы»?

 

Хто мог сказаць — не ведаў гэта сам,

Хто ведаў гэта — той маўчаў злачынна.

Шчаслівым гэтым, светлым галасам

Няшчасце слала, слала ноч Айчына.

 

*

Сцяпан ад жаху нібы звар’яцеў,

Расхрыстаны, на лоб палезлі вочы,

З калгаснага двара дамоў ляцеў,

Бядзе насустрач і насупраць ночы.

 

Сабакі вылі мо на ўвесь раён,

Ляцелі людзі спераду і ззаду.

Крычалі нешта — штось крычаў і ён,

Бяспамяцтва прыйшло нібы ад чаду.

 

Сцяпан у дом ускочыў, як віхор,

А трое дзетак між сабой гуляюць...

Падкінула Антосю: — Хто памёр?

Сцяпанка, што з табою?

— Высяляюць...

 

— Ды што ты мелеш, чортава трапло?

Куды? Каго? Ты растлумач талкова! —

А ў беднага дыханне заняло,

Адсягацца не можа, мовіць слова.

 

Нарэшце, як закапала з вачэй,

Сказаў — і быў той сказ яго кароткі:

— Збірай, Антоська, дзетак і хутчэй,

Не плёткі то былі, на жаль, не плёткі...—

 

Абсела жонка, ногі як з ануч

І толькі вочы на яго таропіць:

— Сцяпанка, пашкадуй, не рэж, не муч! —

Сцяпан ускочыў як шалёны:

— Хопіць!

 

Сказалі ехаць так, у чым стаім,

Скарынкі хлеба не бяры ў дарогу.

Такое тут багацце — чорт і з ім!

Мо вернемся сюды — маліся Богу.

 

— А што багацце? Гэта ж пот і кроў! —

Ў адказ Антося.— Мне шкада і шклянку.

Тут меншы сын закуксіўся, зароў:

— А мульцікі глядзець? А калыханку?..

 

Грузілі на машыну, як цялят,

Бітком, бачком, бо месца не хапала.

— А ты чаго стаіш, браток Кандрат?

Давай сюды — дзе наша не прапала!

 

— Куды ўжо мне? Да чорта на бліны?

Ён мне і тут праеў усе пячонкі.

Я хутка, асцюкоў і мне ў штаны,

Нагамі ўперад — на пакой да жонкі...

 

*

Як рэшата падкідвае муку,

Так і машына кідала і трэсла.

І думкам цесна, як вадзе ў раўку —

Чаму? За што? Куды жыццё панесла?

 

Дачушка Ганначка, як матылёк,

І сынка Ясь — з Антосяй — аж ад хаты.

А меншанькі сыночак — Васілёк

З Сцяпанам быў — не адарваць ад таты.

 

Гэта яго, яго лёс — Васілька,

Ад «калыханкі» адарваў знянацку.

Гэта яго нясе падзей рака,

Не дазваляючы ўзяць нават цацку.

 

А па дарозе лётаюць, снуюць

Машыны, людзі з клункамі, на конях.

Аж захлынаюцца, а гора п’юць —

Ад жудасці б’е малаткамі ў скронях.

 

Здавалася Антосі гэта сном —

Машыны, крыкі, людзі, мітусніна.

— Куды ж я еду? У мяне ж свой дом.

І ў ім не пуста, і ў хляўку — скаціна.

 

Чаму ж нас Бог ад шчасця аддзяліў?

Душа ад гора поўная, як вочка...

І раптам Яська ў сэрца болю ўліў:

— Ой, мамачка, я ж не спусціў Пушочка!

 

— Не бойся, Яська, будзе жыць Пушок,

Ён нашу хатку там пільнуе недзе.

Там ля яго стаіць з ядой гаршчок,

Дый хутка Яська да Пушка прыедзе...—

 

Прыйшло, паўстала гора ва ўвесь рост

І не саступіць шчасцейку дарогі.

Як той казаў — усё кату пад хвост,

Ўсё чорту лысаму, усё пад ногі.

 

Ўваходзіны прыпомніў і Сцяпан,

Кандратава «жылося і вялося».

Мінулае закрыў туман-дурман —

Ці ты было, жыццё? Ці падалося?

 

*

Мікола бачыў кожны дзень жуду,

Людзей вывозіў, як казалі, з зоны.

Вазіў людскую горкую бяду,

Дабіўся сам да ручкі, стаў зялёны.

 

Туды-сюды, як той чаўнок, гайсаў,

За ноч гадзіну-дзве спаў у кабіне.

Як воўк шалёны, лёс людзей кусаў —

Ўсё чалавек у горы кіне-рыне.

 

Кідалі ўсё — абжытыя вуглы,

Дзе хлеба пах і цёплыя калыскі.

Вясёлыя й жалобныя сталы,

Абноўкі, шыла-мыла, лыжкі-міскі.

 

І сэрцы адрывалі ад зямлі,

Як пупавіну, з болем і крывёю,

Дзе прыжыліся некалі, раслі,

Каб даць жыццё — як продкі, стаць зямлёю.

 

Мікола ў горы, ляманце, журбе

Быў кожны дзень, як кажуць, аж па горла.

Хто ж гэта будзе шкадаваць сябе,

Калі бяда пад сэрца нож падпёрла?

 

Нібы жыццё паклаў ён на далонь,

Нібы ў люстэрка паглядзеў крывое.

Жывое сэрца кіньце на агонь,

Яно збаліцца, бо яно — жывое.

 

*

Ўставала сонца цяжка з-за зямлі,

Як быццам нехаця, як недаспала.

І па гатовай да сяўбы раллі,

І па палях гулялі промні вяла.

 

І, як ніколі, цяжка ўстаў Кандрат,

Нібы яго адлупцавалі палкай.

Адзін застаўся — гэта думка-яд

Пякла пад сэрцам, як агнём запалка.

 

— Во гора, асцюкоў яму ў штаны!

Адкуль яно? — і плюнуў на падлогу.—

Хоць бы старая вылезла з труны,

Каго ж яшчэ чакаць на дапамогу?

 

Ішоў Кандрат, ішоў з канца ў канец,

Атручаную долю нёс праз сілу.

Ледзь ногі сунуў, нібы ў іх свінец —

Ці то праз вёску йшоў, ці праз магілу?

 

Ішоў Кандрат ля вымерлых двароў,

І думкі ліплі, нібы павуціна...

Сабакі вылі без гаспадароў,

Ў хлявах крычала змучана скаціна.

 

*

Антося прыціскала вузялок —

Кавалак сальца, яйкі тры пры сале.

Там, за дзвярыма дзесьці,— Васілёк,

Быў ціхі час, да хворых не пускалі.

 

Антося пачарнела, знемагла,

Панікла, звяла, як трава ў пракосе.

Адна бяда другую ўслед вяла

Па сэрцы, па жыцці яе, па лёсе.

 

Антося тут ужо не першы раз,

Ляціць сюды праз дзень, праз два дзянёчкі,

Бо бачыць — Васілёк стаў жоўты, згас,

Напоўніліся сумам яго вочкі.

 

Яна з апошняй сілы цягне воз,

Нагружаны бядой-нудой, пакутай,

І новым словам жудасным — лейкоз,

Які для Васілёчка стаў атрутай.

 

А думка б’ецца: — Будзе, будзе жыць!

А губы самі шэпчуць: — Гора, гора...

Чакае сэрца беднае, дрыжыць,

Што прычакае? Сына? Прыгавора?

 

*

А дзе ж людцы гаротныя жылі?

Чаму я вёску не назваў? Навошта!

Хіба іх мала сёння на зямлі?

Ды і да мёртвых не даходзіць пошта.

 

І сёння выбух жудасна блішчыць

Мільёнамі слязінак, як і ўчора.

На Гомельшчыне гора не злічыць,

Не менш на Магілёўшчыне ёсць гора.

 

Дый Украіна, й руская зямля

Згубілі лік сваім ахвярам, стратам.

Вось што ў руках «бяскрыўднага» Крамля

Навырабляў «бяскрыўдны» мірны атам.

 

І ад пустых двароў, дамоў-калек

Тугой-журбой накрыўся край мой родны,

Бо мёртвы дом — што мёртвы чалавек,

Маўклівы, непрыветлівы, халодны.

 

Убачыш мёртвы дом — і стыне кроў,

Бо ў ім не будуць нараджацца дзеці,

А працавітых гэтых жыхароў

Параскідала гора па ўсім свеце.

 

Я сэрцам сам да тых людзей прырос,

Я з імі тут дзяліў і смех, і слёзы.

Няхай бы мой адзін — адзін мой лёс

Прыняў усе чарнобыльскія дозы.

 

Дык не — зляглі Алесіны гады,

Як быццам ад атручанага зелля.

Цяпер ужо надоўга, назаўжды

Халодны дол адклаў яе вяселле.

 

І сам Мікола занядужаў, злёг,

Хрыпіць, крывёй плюецца — ліквідатар.

Ці дапаможа вычухацца Бог?

Страшэнная хваробішча — не катар.

 

Знайшлі хваробы і Алесін клас,

Прынеслі горачка, жыццю пагрозы.

Дзіцячы смех, нібы агеньчык, згас,

Ператварыўся назаўсёды ў слёзы.

 

У смерці сёння стаў дзіцячы твар,

Дзяцінства мусіць у зямельку легчы.

Чаму ж мы гэтых жудасных ахвяр

Не ратавалі, не маглі пазбегчы?

 

Вось так! Жыві, маніся — трасца ў бок!

Жыццё — ніцінка, зразумеў цяпер я.

Чакаў яечка — курку з’еў шашок,

Як кажуць, нават не пакінуў пер’я...

 

Адкуль прыйшоў — вяртаюся туды,

Дзе дзед хадзіў мой па Лагойскім лесе.

Бывай, Мікола! Вырвіся з бяды!

І пухам будзь, зямелечка, Алесі.

 

Бывай, Сцяпан, трымайся, сцяўшы рот,

Мацуйся, хоць душа твая галосіць.

Пасеў быў добры — дрэнны умалот...

Здароўя табе з дзеткамі, Антося.

 

А што сказаць Кандрату? Дзе ўзяць слоў?

Старое сэрца на кускі парвана.

Ён боль душы прыносіць зноў і зноў

На могілкі, дзе жонка пахавана.

 

Я заблукаў да вашага агню

Не пачасаць язык аб дамавіны.

Я гора ваша жудаснае сню

З той першай, з непапраўнай той хвіліны.

 

Я так хацеў вас падтрымаць, людцы,

Пад ваш цяжар і боль плячо падставіць,

Каб перасталі на душы рубцы

Хоць не зусім балець — хаця б крывавіць...

 

*

Вяртаюся сюды, дзе пачынаў

Пісаць сваю паэму — споведзь гэту.

Тут чалавеча так не застагнаў,

Каб ад гарачых слёз не бачыць свету.

 

Ён сее хлеб і есць лясоў дары,

Начхаў на бэры, на кюры і дозы.

Але паціху мруць гаспадары.

І ўсё — шчытападобная залоза...

 

Лагойшчына! Зямля маіх бацькоў!

Стаю перад табой, як сын, схілёна.

Хоць хворая і ты з усіх бакоў,

І тут свая чарнобыльская зона.

 

Карпілаўка, Дзяніскі, Калачы,

І кінутыя Жабічы, і Дашкі...

Тытунь, гарэлка — вось і ўсе ўрачы

Ад гэтай радыяцыі, лічы,

Жыцця, як той казаў, на дзве зацяжкі.

 

Затое ліхаманкавых падзей

На кожнага — пад неба, як званіца...

Жыві, надзея! Не кідай людзей!

Жыві, зямля! Жыві, жыцця крыніца!

1987


1987

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.