epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Жорсткасць

Памяці Каштана

 

Ён жарэбчыкам быў — дзіцянё дзіцянём,

Ногі — вецер, душа — ветру крылы.

Ён не думаў, што стане калісьці канём,

Будзе жыць, надрываючы жылы.

 

Ён не думаў увогуле — жыў «навырост»,

Каляровыя дні — нібы хвалі.

Ён імчаў па маленстве, а грыва і хвост

За няўрымслікам ледзь паспявалі.

 

О маленства! Ты ў сталасць вясёлкавы шлях

Для людзей, для жывёлінак шчырых.

Ты ў бязвоблачным небе — за ўзмахам узмах

І надзеяў, і мар легкакрылых.

 

О, як добра, што гэты жарэбчык дзіцё

І ружова ўвесь свет успрымае.

Ён імчыць па маленстве пакуль, а жыццё

Не заўсёды ружовым бывае.

 

* * *

Недалёка адгэтуль, лічы, ў той жа час,

(Коціць лёсазваротнае кола.)

Нарадзіўся звычайны хлапчук сярод нас,

Сэрца светлае, вочы анёла.

 

Лёсу час узгадоўваў і клікаў яго,

Хлопчык кінуў калыску-запечак.

Ён у сонечных промнях маленства свайго

Днямі гойсаў, нібыта жарэбчык.

 

Лёс вясёлкава ззяе, куды ні зірні,

Кожнай раніцай — казачна-новы.

Каляровыя сны, каляровыя дні,

Кожны з іх непаўторна ружовы.

 

Хлопчык пэўнай б абняў свет дзівосны, каб мог:

— Што за цуд матылькі-аднадзёнкі,

Ах, як весела конікі скачуць з-пад ног,

Вунь, як луг забялілі рамонкі!

 

Для дзіцячае шчырасці і дабрыні

Сонца й восенню свеціць вясенне.

Спрэс — ружовая казка, куды ні зірні,

Захапленне і зноў захапленне.

 

Як хацелася бегчы і бегчы яму

Ў свет ружовы ад ранку да ранка.

І насустрач імчалі адно аднаму

Той жарэбчык і хлопчык Дзям’янка.

 

* * *

Вёска — ў працы, ў руплівасці з першага дня,

Вунь сядзібы, палі — як прыгожа!

Кожны ведае, што гаспадар без каня

Да зямлі падступіцца не можа.

 

Не, не ганьба, што хтось без каня, не дакор,

Можна й трактар набыць — ён уздыбе

Сто гектараў, ды тэхніка любіць прастор,

А не соткі на ўласнай сядзібе.

 

Ўсё ж вясковец да коніка сэрца хіне,

Адмятае пра трактар гамонку.

Конік яблыньку не папсуе, абміне,

Паміж град пракладзе баразёнку.

 

Ён дзірван «акультурыць», успульхніць папар,

Воз цяжэзны пацягне ў ахвотку.

Вось усё гэта ўзважыў Уладзя Шугляр

І купіў ён каня-аднагодку.

 

Аднагодку... Як хутка мінуў гэты год

З той пары непаўторна-раздольнай,

Як жарэбчыкам гойсаў штодня без клапот.

А цяпер?.. Ён цяпер паднявольны.

 

Даў імя гаспадар аднагодку — Каштан,

У хляве аддзяліў яму стойла.

Сам Шугляр жыць пачаў на сядзібе, як пан,

Незалежна ад іншых, прыстойна.

 

Гаспадарыць Уладзя з размахам, не спіць,

Лад свой перарабляе нанова —

Штось пасеяць, прыбраць, узараць, угнаіць —

Гэта робіцца своечасова.

 

На душы ў Шугляра цішыня і спакой,

Лёс, як кажуць, цяпер закілзаны.

Вось што значыцца конь кожны дзень пад рукой,

Безадказны, надзейны, адданы.

 

І Шугляр век зжывае не без галавы,

Ён датумкаўся ўсё-ткі да праўды:

Конь — не трактар, ён мае душу, ён жывы,

Ён не здрадзіць, ён — сябар сапраўдны.

 

Коціць час, усяму надыходзіць пара,

Нешта згладжвае, штось выпрамляе.

І Каштан прывязаўся да гаспадара,

Бездакорна яму патрафляе.

 

Падцікоўвала з часам бяда, хоць крычы,

І, здавалася, не адмаліцца.

І пакуль праз завеі праб’юцца ўрачы,

Мчаў Каштан Шугляра да бальніцы.

 

Што казаць, ён па-свойму яго палюбіў,

Дваццаць год з Шугляром, нібы ў парцы.

Колькі ён тут карыснага перарабіў,

Ўзняў з каленяў яго гаспадарку.

 

І суседзі з паклонам ішлі да яго:

— Памажы, дай каня, мы аддзячым.

Вельмі хутка Шугляр сцяміў, што да чаго:

— Ах, аддзячыце вы? Што ж пабачым.

 

І, замест адпачынку, каню — у каршэль,

Ён на досвітку сперадзі плуга.

Шугляру ж — пару пляшак ці нейкі рубель,

Каштану ж — мацюканне і пуга...

 

Дваццаць год набліжаўся Каштан да бяды.

О жыццё! Ты — ўсяго бліскавіца.

Дваццаць год... Ды не здолеў Шугляр за гады

Шчыра, сэрцам з канём парадніцца.

 

* * *

Падышоў да трагічнае рысы Каштан...

Ну а як той хлапчук светлатвары?

Ён ужо не Дзям’янка-блазнюк, а Дзям’ян,

Мае сталыя мэты і мары.

 

Ён даўно адчувае сябе каралём,

Дваццаць год — прэч з душы блазнюкоўства!

З лёгкім хлебам, гарэлкай і доўгім рублём

Прызвычаіўся весці сяброўства.

 

Ён вынюхваў, сачыў, мазгаваў — дзе б урваць,

І пры тым не чыніў беззаконня.

Ён танней набываў, каб з «наварам» прадаць —

Ёсць такая «прафесія» сёння...

 

Слых па вёсках папоўз, што збывае Шугляр

Каштана, каб набыць аднагодку.

Тут як тут і Дзям’ян, ён разнюхаў навар,

Прыімчаў да Уладзі ўахвотку...

 

Што каню дваццаць год? У яго й сілы шмат,

І яго не палохае праца.

Для каня дваццаць год, як для нас пяцьдзясят —

Ці ж павінна жыццё абарвацца?

 

І Шугляр гэта ведаў, ды грошы — сіло,

Конь адкормлены, чым не нажыва.

Ён прыкінуў вагу — ажно дух заняло,

Ён у думках лічыў грошы хціва.

 

І Шугляр, і Дзям’ян крочаць да Каштана

Па шаўковым, някошаным лузе.

— Ну, дык колькі ты просіш? Якая цана? —

Перакупшчык спытаўся ў напрузе.

 

Падышлі да каня, гаспадар-«дабрадзей»

І Дзям’ян — погляд зыркае зверам.

Конь хіне галаву Шугляру да грудзей,

Зазірае ў вочы з даверам.

 

Цягне пысу сваю да нябрытай шчакі —

Вось яны — зло і шчырасць, сам-насам.

Тут Шугляр запытаўся: — Твой выкуп які?

Ты ж на мяса купляеш?

— На мяса.

 

— Ты ж глядзі! — І Шугляр даланёй па кані,—

Кумпякі, а якая грудзіна!

Тут паўтоны адборнага мяса, зірні!

Гэта ж, братка, не жарт, а каніна!

 

І пачулася лаянка, спрэчка і крык,

То ўздымалі цану, то збівалі.

А «каніна», жывая душа, працаўнік,

Быў пакладзен з грашыма на шалі.

 

* * *

Мы няўмольна сыходзім усе ў нікуды.

Кожны шляхам сваім канаваным

І Каштан ўсё бліжэй і бліжэй да бяды

Паслухмяна ішоў за Дзям’янам.

 

Не прадказвала сэрца пагібель каню,

Ён штогод безадказна, праз стому,

Абслугоўваў й чужых, ці ж яму ўпершыню —

Не, ён вернецца хутка дадому.

 

Дзень разгон набіраў, блізка гарачыня,

Вось паляна і цень ад яліны.

Тут Дзям’ян прывязаў да хваіны каня,

Падышоў да сяброў ля машыны.

 

— Ну, як бачыце, я не з пустым, пацаны,

Ці магу я купляць без навару?

Я яго акалпачыў аж на паўцаны,

Хоць і сквапны Шугляр, хоць і скнара.

 

Страпянуўся Каштан. Абступілі яго

Тры чужынцы — і тлум, і штурханні:

— Глянь, які ён адкормлены, гладкі! Ого!

— Ха! Ацэняць яго ў рэстаране!

 

Агрызнуўся Дзям’ян: — Разбярэмся з цаной!

Хопіць лындзіць вам з боку прыпёку.

Шчыльна ногі вяжыце адна да адной,

Каб ні ў перад, ні ў бок — ні паўкроку.

 

Дзе нажы? Дзе сякера? А вы пра меню,

Камерсанты за байкі не плоцяць.—

І, стрыножыўшы ногі, каня на зямлю

Штурхануўшы ў бакаціну, коцяць.

 

— Не ўтрымаўся Каштан, паваліўся, як сноп,

Нож — маланкай па горле ляжачым.

Конь рвануўся устаць, заіржаў... ды захроп,

Захлынаўся крывёю гарачай.

 

Хтосьці злосна зароў: — Даразай ты хутчэй!

— Насядай! Наваліся на звера!

— Што стаіш? Улупі абухом між вачэй,

Галаву адсякай — ты ж з сякерай!

 

Біў з надрэза на горле крывавы фантан —

Завяршалася жорсткае ліха.

І амаль што не дрыгаў нагамі Каштан,

Ён слабеў, ён сіпеў, ледзьве дыхаў.

 

Толькі вочы жахліва крычалі: — За што?

Толькі сэрца... і сэрца згасала...

Хоць бы злітваўся хто з гэтых злыдняў. Ніхто!

Колькі жорсткасці ў свеце... Не мала...

 

— Перакур, пацаны! Вешай скуру на сук! —

Хтось скамандваў бадзёрагалосы.

І смакталі яны з акрываўленых рук

Акрываўленыя папяросы.

 

Дзесь зязюлінаў спеў, колькі жыць — варажыў,

Між галін стракатала сарока.

А Каштан... Ён ляжаў — шмат свой век не дажыў,

Ён заснуў непрабудна-глыбока.

 

Ён калісьці не думаў, а жыў «навырост» —

Каляровыя дні, нібы хвалі.

Ён імчаў па маленстве, а грыва і хвост —

За няўрымслікам ледзь паспявалі.

 

Сёння грыва і хвост запякліся ў крыві,

Ногі-вецер адсеклі сякерай...

Праўду кажуць: — Хоць год, хоць стагоддзе жыві,

А пакутаў глынеш поўнай мерай.

 

* * *

На шляху дабрыні мы крутнулі назад,

Мы спраўляем жывёле «дажынкі»,

І таму між вясковых сядзібаў і хат

Коні рэдкасць, на жаль, іх адзінкі.

 

Ёсць шукацелі лёгкай нажывы, яны

Ў душы лезуць нахабна і дзёрзка.

І шныраюць па вёсках, нібы груганы,

Баль свой чыняць бяздушна і жорстка.

 

Хоць вяскоўцу яны, як няпрошаны госць,

Мусіць ён з іх паслугай мірыцца.

Дзе там нейкі мясны камбінат? Дзе ён ёсць?

Як дапяць да яго, дазваніцца?

 

Ну а тут — вось вам конь, толькі спраўна плаці —

Што пасеецца, тое і жнецца...

Чалавечнасць згубіўшы, ці зможам знайсці?

Сэрцы згубім — а што застанецца?


2013

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.