epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Звар’яцелае пудзіла

Пачаў дзед Адась заўважаць дзіўнае: варта толькі яго жонцы пайсці на гарод, як праз хуткі час да яе — бачком-бачком — сунецца сусед, ягоны аднагодак Аўцюх. Ды каб такое здарылася адзін раз, ну, ад сілы два, а то кожны дзень. Старая на грады, Аўцюх — да старой!

Спытаўся неяк дзед Адась у жонкі:

— Чаго гэта той аблезлы бабыль тырчыць ля цябе на градах штодня, як тое пудзіла?

Старая крыху разгубілася, але спраўна адказала:

— А-а, Аўцюх! Ды ён пытаўся, як лепей пераціраць клёцкі на зацірку.

— Ён што, кожны дзень зацірку варыць? — не сунімаўся дзед Адась.

— Што зварыць, тое і з’есць! — кінула старая і пераключылася на другое...

А на тым гародзе сапраўды стаяла пудзіла ад варон, якое колісь зладзіў дзед Адась. На жэрдкі, што крыж-накрыж, ён павесіў доўгі, да зямлі, плашч-дажджавік, а зверху пачапіў знойдзены ля дарогі нейчы капялюш без верху. Спачатку вароны абляталі тое пудзіла, баяліся яго, потым прывыклі, і яно зрабілася ўлюбёным месцам іхняга адпачынку.

— Здымі ты яго, не смяшы людзей! — казала жонка.

Дзед Адась і сам збіраўся прыбраць з гарода непатрэбшчыну, але сёння ўзрадаваўся:

— Ай, як добра, што я яго не чапаў! Гэта пудзіла мне і дапаможа раскрыць тайну бабылёвых візітаў!

Назаўтра дзед Адась патуляўся вакол градаў, падцікаў час, калі нікога не было навокал, і — шусь пад плашч-дажджавік. Стаў, учарэпіўся для раўнавагі ў загнаны ў зямлю кол, а капелюшом закрыў галаву. Стаіць ды праз дзірку ў плашчы назірае. Бачыць — клыпае на грады яго старая, падыходзіць і пачынае палоць. Са спіны дзеду не відаць, дзе сусед, але бабыль ужо тут — як з-пад зямлі вырас.

— Дык я зноў да цябе, Агатка! — пачаў дрыготкім голасам ён.— Няўжо ты шчаслівейшая з тым акуркам, чым магла б быць шчаслівай са мной? З тым карантышом? Га?

— Ну, ты кожны дзень адно і тое пытаешся... Што ўжо сёння казаць! — не разгінаючыся, адказала Агата.

— Што казаць? — перапытаў сусед.— Што ёсць, тое і кажы! Я ж праз цябе не ажаніўся ні разу... Падмазаўся тады да цябе той стручок недаспелы, ты і кіданула мяне з дарогі... Дык што?

— А што, што? — разагнулася баба.— Жыву я з Адасем і, дзякуй Богу, век дажываю... А той акурак ці, як ты кажаш, стручок — мне законным мужам даводзіцца... Дык чаго ты ад мяне дамагаешся?

«Малайчына порхаўка старая, не здаецца!» — пахваліў у душы дзед жонку.

— Ну і што, што ты жывеш з ім,— насядаў Аўцюх,— а ці шчаслівейшая ты з ім, чым магла быць са мной?

— Вось што я табе скажу, сусед,— пачала старая, але тут, на самым цікавым месцы, адкуль ні вазьміся, прыляцела варона і села пудзілу на капялюш. А паколькі ў капелюшы не было верху, варона ўмасцілася кіпцюрамі дзеду на лысіну. Мала таго, адчуўшы пад лапамі штосьці цёплае, варона вырашыла паспрабаваць «на зуб» дзедаву лысую галаву — узяла і балюча дзеўбанула ў макаўку.

— Во-о-ой! — упаўголаса, наколькі хапіла вытрымкі, ускрыкнуў дзед Адась і лупянуў рукой па вароне. Тая ад нечаканасці дзіка загарлапаніла і, як шалёная, паляцела прэч.

— Што гэта? — занепакоілася старая.— Вароны пачалі баяцца пудзіла. Дзіўна!

— А мне дзіўна іншае,— круціў галавой збянтэжаны Аўцюх,— падалося, што варона крыкнула «во-о-ой»...

— Табе і сапраўды падалося,— супакоіла яго старая і пачала далей праполваць грады.

— Не ведаю,— ціскануў плячыма бабыль і на ўсякі выпадак сцішыў голас. Ды настолькі сцішыў, што дзед Адась пачаў чуць гаворку праз слова.

«Што яны там балбочуць»,— нерваваўся ў сваёй засадзе стары і, выцягнуўшы з зямлі калок, пасунуўся да змоўшчыкаў.

Аўцюх азірнуўся і пацёр вочы:

— Мне зноў падалося, цяпер ужо, што пудзіла наблізілася да нас...

— Ты ж сам кажаш, падалося, значыцца — падалося... Гэта ў цябе ад нерваў! — зноў тлумачыць старая.

Аўцюх страсянуў галавой і паўтарыў сваё галоўнае пытанне:

— Дык што, Агатка? Ці была б ты са мной больш шчаслівай? Мне б толькі пачуць адказ, і лягчэй будзе век дажываць.

Старая падумала: «Не адчэпіцца ён ад мяне ніколі! Трэба пакласці гэтаму канец... Вазьму і схлушу, няхай сабе радуецца, цешыцца...»

— З табой, Аўцюшка, была б шчаслівейшай!

— Я так і ведаў, Агатачка! — І Аўцюх кінуўся да старой, але і ў дзеда Адася кончылася цярпенне. Трымаючы ўсярэдзіне пудзіла калок, дзед не сваім голасам штосілы зароў і падбег да жонкі і яе залётніка.

Двое старых, убачыўшы і ўчуўшы звар’яцелае пудзіла, як падкошаныя, беспрытомна зваліліся ў баразну.

Задаволены дзед Адась вылез з-пад плашча і ўтыркнуў калок паміж беспрытомнымі:

— Нічога! Астыньце крыху, Рамэвы і Жульеты! А гэта табе, аблезлы кавалер, ад недаспелага стручка! — І дзед Адась нацягнуў падраны капялюш на галаву саперніку.

Баба праз нейкі час прыцягнулася з гарода і лягла ў пасцель.

— Адаська, я здурнела! — стагнала яна.

— Я гэта даўно ведаю! — нядбайна адказаў стары, у душы святкуючы сваю перамогу.

— Я не жартую,— працягвала стагнаць старая,— ты мне скажы...

Але дзед перапыніў яе гаворку:

— Не, лепей ты мне скажы, што сёння варыць той аблезлы бабыль? Зноў зацірку?

— Адасік, я павінна табе ўсё расказаць, нічога не ўтойваючы...

— Ты лепей пудзілу раскажы, якая б ты была шчаслівая з Аўцюхом.

— Адасік, пудзіла звар’яцела, яно кідаецца на людзей... Лепей паслухай мяне...

І баба Агата, нічога не ўтойваючы, расказала свайму дзеду пра дамаганні суседа і пра тую, як яна лічыла, святую хлусню дзеля далейшага спакою.

Усцешаны дзед Адась раскрыў рот, каб і жонку пацешыць сваёй заліхвацкай выдумкай, але прыкусіў язык, зразумеўшы, што трымае ў руках важны козыр. Услых ён дадаў:

— Пудзіла з гарода зносіць не буду! Яно кідаецца толькі на загаворшчыкаў!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 3. Апавяданні. Аповесці / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 551 с.