epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Зварот да далёкіх нашчадкаў

Вось седзіцё тут вы ў пячоры,

Касцёр адсунуў цемру-цьму.

А дзе сядзелі вы «учора» —

Ўсяго стагоддзе-два таму?

 

Адны блудзілі ў інтэрнэце,

Другія спалі на грашах.

А хтось пры атамнай ракеце

Прыдумваў больш жахлівы жах.

 

Усе забыліся пра розум,

Пальнулі — і жыцця няма.

Імгненна ядзерным марозам

Зямлю накрыла ноч-зіма.

 

А тыя рэдкія адзінкі,

Хто выжыў, дачакаўся дня,

Спраўляюць па жыцці памінкі

Для іх пячора — вышыня.

 

Мацуйцеся! І мы спачатку

З пячоры пачыналі шлях.

Ваш прыйдзе час, але нашчадкі,

Унукаў вашых дзіцяняткі,

Праз век-другі паўтораць жах.


2007-2016

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.