epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Зварот да праціўнікаў беларускай мовы

Найміце перакладчыка, панове,

Каб не ламаць дарэмна галавы,

Бо я пішу на незнаёмай мове —

На той пакутнай беларускай мове,

Пераступілі праз якую вы.

 

Найміце з перакладчыкам і ката

(Было не раз такое на вяку),

Бо тое ўсё, пра што пішу я свята,

Вы сэрцам ненавідзіце заклята —

Вось кат маю і адсячэ руку.

 

А думкі? А язык? Ён будзе мовіць —

І думкі пацякуць ракою слоў!

А каб спыніць на роднай мове споведзь,

Вам прыйдзецца мяне абезгаловіць...

Але не ссекчы вам усіх галоў!


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.