epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Жыцця дажынкі

Я свой погляд развітальны

Кінуў роднаму парогу.

І падлеткава-запальна

Распачаў жыцця дарогу.

 

Прагнуў славы — прэч бясслаўе!

Пралетарыў і калгасіў.

Шмат краін, куды дапяў я,

Шмат па свеце накаўбасіў.

 

Я таптаў Еўропу, Штаты,

Па зямлі выпісваў дугі.

Сэрца да бацькоўскай хаты,

На свае вярнула кругі.

 

Толькі радасці мне мала

Адзначаць жыцця дажынкі —

Двух братоў, бацькоў не стала,

Сваякоў, сяброў — адзінкі.

 

О, мой краю, сэрцу мілы,

Сад стары, платы, шпакоўні!

Мір табе, дамок падгнілы —

І зямлі паклон сыноўні.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.